Расейскае МЗС адказала на міжнароднае абурэньне словамі Лаўрова пра Галакост

Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі трапіў у чарговы скандал з антысэміцкай заявай, аднак у Маскве лічаць, што нічога кепскага чыноўнік не сказаў.

У Міністэрстве замежных спраў Расеі адрэагавалі на абурэньне Эўрапейскага габрэйскага камітэту адносна апошніх заяў шэфа расейскага ведамства Сяргея Лаўрова. Той параўнаў падтрымку Ўкраіны Захадам з рашэньнем Адольфа Гітлера забіць 6 мільёнаў габрэяў падчас Галакосту.

У Эўрапейскім габрэйскім кангрэсе заявілі, што шакаваныя і абураныя падобнымі камэнтарамі Лаўрова, і запатрабавалі ад яго выбачэньняў.

Аднак у МЗС Расеі на гэта заявілі, што Маскве «не цікавае меркаваньне арганізацыі, якая шмат гадоў ігнаравала катастрафічны ўзровень антысэмітызму ва Ўкраіне і сябе дыскрэдытавала».

18 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве міністар замежных спраў Расеі заявіў, што гэтак жа, як Гітлер мабілізаваў, заваяваў і настроіў большасьць эўрапейскіх краін супраць Савецкага Саюзу, ЗША таксама стварылі кааліцыю практычна ўсёй Эўропы і вядуць вайну праз Украіну з той жа мэтай — каб дамагчыся «канчатковага вырашэньня расейскага пытаньня». Са слоў Лаўрова, гэтаксама як Гітлер хацеў канчаткова вырашыць «габрэйскае пытаньне», сёньня заходнія палітыкі адназначна заяўляюць, што Расея павінна пацярпець стратэгічную паразу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі габрэйскі кангрэс і Белы дом абурыліся параўнаньнем міністра замежных спраў Расеі Лаўрова пра Галакост

Такія заявы абурылі і Белы дом. У ЗША імгненна адрэагавалі на антысэміцкую заяву расейскага міністра.

«Як ён сьмее параўноўваць нешта з Галакостам — няважна што, — ня кажучы ўжо пра вайну, якую яны пачалі, — сказаў сьпікер Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі. — Украіна ня несла ніякай пагрозы для Расеі. Ніякай. Украіна нікому не пагражае ў ваенным пляне».

Кірбі падкрэсьліў, што камэнтары Лаўрова настолькі абсурдныя, што на іх амаль не варта рэагаваць, «за выключэньнем той сапраўды абразьлівай манеры, у якой ён спрабаваў прадставіць нас у катэгорыях Гітлера і Галакосту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў Лаўрову, што Ўкраіна не ідзе на правакацыі супраць Беларусі