Французы страйкуюць супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў

Забастоўка ў Францыі (архіўнае фота)

Паводле апытаньняў, каля 60% жыхароў краіны выступаюць супраць рэформы прэзыдэнта Эманюэля Макрона.

19 студзеня ў Францыі — дзень агульнанацыянальнага страйку супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту. З гэтай прычыны ў краіне парушаная праца школ і транспарту, скарочаная выпрацоўка электраэнэргіі, спыненыя адгрузкі на нафтаперапрацоўчых заводах, паведамляе Reuters.

Згодна з прапановай францускага ўраду, пэнсійны ўзрост у краіне павялічыцца з 62 да 64 гадоў. Паводле ацэнак Мінпрацы Францыі, рэформа дазволіць зэканоміць амаль 18 мільярдаў эўра штогод, дзякуючы чаму пэнсійная сыстэма можа стаць бясстратнай да 2027 году.

Ініцыятары рэформы, галоўным зь якіх лічыцца прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, настойваюць, што пазьнейшы выхад грамадзян на пэнсію — адзіны спосаб захаваць платаздольнасьць сыстэмы. Прафсаюзы ж прапануюць увесьці дадатковыя падаткі для багатых або павялічыць адлічэньні з заработнай платы для працадаўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы падатак на «дармаедаў»? Падатковай плянуюць дазволіць правяраць памер «падораных сродкаў»

Апытаньні паказваюць, што каля 60% французаў выступаюць супраць рэформы Макрона, а 46% гатовыя далучыцца да пратэстаў.

Паводле профільных ведамстваў, сёньня ў Францыі стала большасьць цягнікоў, у тым ліку на міжнародных маршрутах. Работнікі электрасетак скарацілі падачу электраэнэргіі на 12%, таму прыйшлося павялічыць яе імпарт з-за мяжы.

Чакаецца, што францускі ўрад афіцыйна прадставіць законапраект аб павышэньні пэнсійнага ўзросту 23 студзеня. У лютым дакумэнт паступіць у парлямэнт — Макрон спадзяецца заручыцца падтрымкай кансэрватараў, каб законапраект быў прыняты.

Пэнсійную рэформу называюць сур'ёзным выпрабаваньнем для прэзыдэнцтва Макрона. У 2019 годзе ён ужо спрабаваў яе правесьці – таксама на фоне зацяжных забастовак і шматлікіх акцый пратэсту. Тады плянам Макрона перашкодзіла пандэмія COVID-19.

А што ў Беларусі з пэнсійным узростам?

У мінулым годзе ў Беларусі скончылася рэформа, якая прадугледжвала паэтапнае павышэньне пэнсійнага ўзросту. Раней чыноўнікі абмяркоўвалі далейшае яго павышэньне пасьля 2022 году, але размова ішла толькі пра жанчын. На сёньняшні дзень пэнсійны ўзрост у Беларусі для жанчын падвышаны да 58 гадоў, а для мужчын — да 63.

У Беларусі бліжэйшым часам ня будуць падвышаць пэнсійны ўзрост, пра гэта раней заявіла міністар працы і сацабароны Ірына Касьцевіч на пасяджэньні Савету Рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 2020 году з краіны выехалі дакладна больш за 100 тысяч чалавек». Эканаміст раіць, што рабіць з дэмаграфічным крызісам у Беларусі