Сьведкі расказалі пра «выбух» ля Маладэчна. «Беларускі Гаюн» паведаміў аб пажары рухавіка на расейскім самалёце МіГ-31К

МіГ-31, ілюстрацыйнае фота

МНС і Мінабароны пакуль не даюць падрабязнасьцяў аб прычынах гуку, падобнага на выбух.

У МіГ-31К над Маладэчнам загарэўся рухавік, піша тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Паводле зьвестак маніторынгавай групы, у 11:59 менскага часу над раёнам Маладэчна ў зьнішчальніка МіГ-31К ВКС РФ (RF-95194) адбылося ўзгараньне аднаго з двух рухавікоў, якое суправаджалася гукам выбуху. На справе ж гэта быў гук пампажу рухавіка пасьля ўзгараньня.

У выніку МіГ-31К Вайскова-касьмічных сілаў Расеі (RF-95194) быў вымушаны экстрана завяршыць палёт і вярнуцца на аэрадром «Мачулішчы».

«Беларускі Гаюн» сьцьвярджае, што ўзгараньне рухавіка адбылося менавіта ў таго МіГ-31К, які гарэў 25 сьнежня 2022 году пры спробе ўзьляцець з аэрадрому ў Мачулішчах.

Чалавек, які жыве на поўначы Беларусі, расказаў Свабодзе, што прыкладна апоўдні пачуў моцны гук, «быццам выбухнуў газавы балён». Гук было чуваць адзін раз.

Пра выбухі гавораць, у прыватнасьці, таксама жыхары Маладэчна і Вялейкі.

Паводле Мінабароны Беларусі, 19 студзеня беларускія і расейскія войскі прыступілі да заданьняў 2-га этапу лётна-тактычных вучэньняў. У прыватнасьці, вучэньні праходзяць на аэрадромах у Мачулішчах, Лідзе і Баранавічах.

Ці зьвязаны выбух з вучэньнямі, дакладна не вядома.