Беларус, які працуе, зьбяднеў за год на 7 кг сала і пабагацеў на 12 кг бульбы. Як інфляцыя зьядае заробкі

Інфаграфіка

Рэальныя даходы беларусаў працягваюць падаць на фоне інфляцыі. Мераем, на колькі людзі абяднелі за год, у рэальных прадуктах.

Грашовыя даходы беларусаў з папраўкай на інфляцыю ў студзені-лістападзе зьнізіліся на 3,7% да аналягічнага пэрыяду пазамінулага 2021 году.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў беларусаў аплата працы займае 64,7%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці, якая прыносіць даход, — 8,2%. На пэнсіі, разнастайныя грашовыя дапамогі, стыпэндыі жывуць 22,3%, даходы ад уласнасьці і іншыя прыбыткі маюць 4,8% жыхароў краіны.

У кастрычніку 2022 году Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блёкам ураду заявіў, што «рост цэнаў нівэлюе намаганьні па павышэньні заробкаў і пэнсій». Тады ж цэны павышаць забаранілі.

Мінус 104 кіляграмы бананаў за год. Як бяднеюць беларусы

Глядзім, наколькі беларусы зьбяднелі за год (зь лістапада па лістапад) на прыкладзе канкрэтных прадуктаў.

У лістападзе 2021 году на адзін сярэдні заробак беларус мог набыць:

  • 118 кіляграмаў бескасьцёвай сьвініны
  • 107,7 кіляграма сала
  • 218 кіляграмаў жывой рыбы
  • 18 мяхоў бульбы па 60 кіляграмаў
  • 431 кіляграм бананаў
  • 130 кіляграмаў зэфіру

У лістападзе 2022 году сярэдняга заробку хапала на:

  • 115 кіляграмаў бескасьцёвай сьвініны
  • 100 кіляграмаў сала
  • 191 кіляграм жывой рыбы
  • 30 мяхоў бульбы па 60 кіляграмаў
  • 327 кіляграмаў бананаў
  • 122 кіляграмаў зэфіру

Атрымліваецца, што за мінулы год беларус зьбяднеў на:

  • 3 кіляграмы бескасьцёвай сьвініны
  • 7 кіляграмаў сала
  • 27 кіляграмаў жывой рыбы
  • 104 кіляграмы бананаў
  • 8 кіляграмаў зэфіру

Але пабагацеў на 12 мяхоў бульбы.

Наколькі зьбяднелі пэнсіянэры

У лістападзе 2021 году сярэдняя пэнсія па ўзросьце складала 545 рублёў. У лістападзе 2022 году яна была 636 рублёў. Глядзім, наколькі за гэты год зьбяднелі пэнсіянэры. У прадуктах яны страцілі (адзін прадукт, калі на яго патраціць усю пэнсію):

  • 6 кіляграмаў жывой рыбы
  • 33 кіляграмы бананаў
  • 1 кіляграм сала
  • 1 кіляграм зэфіру

Але пабагацелі на:

  • 4 мяхі бульбы

А вось бескасьцёвай сьвініны, як і раней, на сярэднюю пэнсію выходзіць 44 кіляграмы.