«12 гадоў? Ды хоць 112. Я і, думаю, іншыя завочна „судзімыя“ гатовы прыняць на сябе любыя віртуальныя тэрміны выдуманых судоў цаной таго, каб свабода для рэальных палітвязьняў прыйшла раней», — напісаў Навоша 18 студзеня ў Twitter.
Паводле яго, «страшнейшы вырак Беларусі — пайшоў 29-ы год, і адбыцьцё пакараньня ўсё яшчэ доўжыцца».
«Неяк моцна разважаць тут няма пра што, шчыра кажучы», — заявіў BPN мэдыямэнэджар.
«Усё ж гэта новая ступень крынжу: калі насельнікі калёніі, у якую гэтыя крывасмокі ператварылі Беларусь (у тым ліку і для сябе саміх; нядаўняе сьмяротнае пакараньне дзяржслужбоўцам за „здраду дзяржаве“ яны праглынулі безь пярэчаньняў), вырашаюць нібыта лёс не даступных ім людзей са свабоднага сьвету», — падкрэсьліў Навоша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усім па 12 гадоў зьняволеньня. Агучылі выракі ў завочным судзе ў «справе ЧКБ»Суд над фігурантамі справы ЧКБ — Янінай Сазановіч, Дзьмітрыем Навошай, Данілам Багдановічам, Вольгай Высоцкай і Валерыяй Занямонскай — праходзіў у Менску завочна, бо яны знаходзяцца за мяжой.
Жаданьне фігурантаў паўдзельнічаць у працэсе праз інтэрнэт не сустрэла падтрымкі ў судзе — ад падсудных патрабавалі фізычнай прысутнасьці на разглядзе справы, які праходзіў у Менскім гарадзкім судзе з 12 сьнежня.
Як паведамляе БелТА, 18 студзеня падсудных прызналі вінаватымі распальваньні варожасьці, «зьліве» асабістых зьвестак сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў і прысудзілі кожнаму па 12 гадоў зьняволеньня, а таксама штрафы ў памеры 500 базавых велічынь, паведамляе БАЖ.
КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.