У Нямеччыне затрымалі экаактывістку Грэту Тунбэрг

Затрыманьне Грэты Тунбэрг 17 студзеня 2023 г. у Нямеччыне

У нямецкай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія паліцыя затрымала вядомую швэдзкую экалягічную актывістку Грэту Тунбэрг падчас акцыі пратэсту супраць здабычы бурага вугалю на месцы выселенай вёскі Лютцэрат.

Пра гэта піша газэта Welt, паведамляючы, што ў пратэсьце каля вёскі ўдзельнічалі прыблізна 70 экаактывістаў. Дайшло да сутыкненьняў пратэстоўцаў з паліцыяй, якая ўжыла спэцсродкі.

Раней, як паведамляе The Guardian, Грэта Тунбэрг зьвярнулася да каля 6000 пратэстоўцаў, якія ў мінулую суботу прайшлі маршам да Лютцэрата, назваўшы пашырэньне здабычы бурага вугалю «здрадай цяперашнім і будучым пакаленьням».

«Нямеччына — адзін з найбуйнейшых забруджвальнікаў навакольнага асяродзьдзя ў сьвеце і павінна быць прыцягнутая да адказнасьці», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод удзельнікаў дэманстрацыі за свабоду Беларусі ў Стакгольме заўважылі экалягічную актывістку Грэту Тунбэрг

Сытуацыя ў вёсцы Лютцэрат абвастрылася на пачатку месяца. Раней адбыўся знос выселенай вёскі ў сувязі з плянамі канцэрна RWE пашырыць адзін з буравугальных разрэзаў у гэтым месцы. Жыхары Лютцэрата даўно пакінулі вёску, атрымаўшы кампэнсацыі ад канцэрна. Замест іх там зьявіліся экалягічныя актывісты.

  • Грэта Тунбэрг (нар. 2003) — экалягічная актывістка з Швэцыі, якая стала вядомай дзякуючы акцыям у абарону навакольнага асяродзьдзя каля парлямэнту Швэцыі. На той момант Грэта была школьніцай і спалучала сваю публічную дзейнасьць з навучаньнем. Тунбэрг выступіла на вялікай колькасьці экалягічных мерапрыемстваў і форумаў, у тым ліку на Генэральнай асамблеі ААН. Яе імя некалькі гадоў запар называлася сярод магчымых ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грэта Тунбэрг: Зьмена клімату такая ж небясьпечная, як каранавірус