Мінздароўя пасьля «справы фармацэўтаў» увяло новыя правілы

У Беларусі зьмянілі парадак і ўмовы інфармаваньня мэдыкаў прадстаўнікамі фармакалягічных кампаній.

Міністэрства аховы здароўя апублікавала пастанову, паводле якой такое інфармаваньне павінна праводзіцца «праз вусныя выступы з распаўсюджваньнем інфармацыйных матэрыялаў, пры правядзеньні мерапрыемстваў, вызначаных Міністэрствам аховы здароўя».

Пастанова выключае магчымасьць прадстаўнікам фармакалягічных кампаній наведваць службовыя кабінэты кіраўнікоў арганізацый або іншых службовых асоб. Прадугледжана перадача інфармацыйных матэрыялаў у электронным выглядзе або на папяровым носьбіце без наведваньня арганізацый.

У Міністэрстве аховы здароўя спадзяюцца, што такія меры дапамогуць пазьбегнуць крымінагенных і карупцыйных рызык у сыстэме аховы здароўя.

  • У сьнежні стала вядома пра так званую «справу фармацэўтаў». Тады прадстаўнік Генпракуратуры расказаў пра выкрытую схему «подкупу мэдыкаў для прасоўваньня прадукцыі замежнай фармацэўтычнай кампаніі». Паводле сьледзтва, фармкампаніі заключалі з дактарамі дамовы і плацілі ім грошы нібыта за чытаньне лекцый, а ў сапраўднасьці — за рэкамэндацыі пацыентам набываць пэўныя прэпараты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за арыштамі мэдыкаў і прадстаўнікоў замежных фармакампаній і як гэта адаб’ецца на пацыентах? Расьсьледаваньне Свабоды