Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша адрэагаваць на дэнансацыю Беларусьсю пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінэта (АПК).
У звароце да Гутэрыша 17 студзеня яна прапанавала «выкарыстоўваць дадатковыя мэханізмы для публічнага асьвятленьня і расьсьледаваньня парушэньняў правоў чалавека [у Беларусі], аднаўленьня правоў пацярпелых [ад рэпрэсіяў] і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці», а ў выпадку неабходнасьці распрацаваць новыя меры для «адэкватнага вырашэньня крызісу правоў чалавека ў Беларусі».
На думку Ціханоўскай, выхад з пратаколу «ні ў якай ступені не вызваляе Рэспубліку Беларусь ад існуючых абавязаньняў па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі супраць Беларусі і Расеі Эўразьвяз можа прыняць у лютым«Гэты крок рэжыму Лукашэнкі накіраваны на тое, каб пазбавіць беларусаў апошняга мэханізму звароту па міжнародную абарону, як гэта прадугледжана артыкулам 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта наўмысна і груба адрывае беларусаў ад міжнароднага права», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Са свайго боку яна заявіла, што гатовая «супрацоўнічаць са спэцыяльным дакладчыкам ААН у правах чалавека ў Беларусі і вярхоўным камісарам ААН у правах чалавека».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы зь лютага больш ня змогуць зьвяртацца са скаргамі ў Камітэт ААН у правах чалавека- 27 кастрычніка 2022 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 сьнежня 1966 году.
- Старшыня камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргей Рачкоў заявіў, што закон разглядаўся «з улікам правапрымяняльнай практыкі і самавольнага пашырэньня Камітэтам ААН у правах чалавека сваіх паўнамоцтваў, якія стварылі дадатковыя неабгрунтаваныя абавязаньні» для Беларусі.
- Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах — калектыўная дамова, якая ўстанаўлівае мэханізм падачы індывідуальных скаргаў. Пратакол фіксуе прызнаньне кампэтэнцыі Камітэту ААН у правах чалавека разглядаць скаргі ад асоб, якія сьцьвярджаюць, што іх правы былі парушаныя.
- Факультатыўны пратакол быў прыняты Генэральнай Асамблеяй ААН у 1966 годзе і набыў моц у 1976-м.
- Рашэньне аб выхадзе з Пратаколу набудзе моц 8 лютага 2023 году. Камітэт працягне прымаць, рэгістраваць і разглядаць усе скаргі, якія ён атрымае да гэтай даты. Па ўсіх скаргах, якія цяпер на разглядзе Камітэту, будуць вынесеныя рашэньні.