Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, Астапенку інкрымінаваны «крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі». Неўзабаве мае пачацца завочны суд над былым дыпляматам.
Што закідаюць дыплямату
Місія Астапенкі завяршылася 30 кастрычніка 2020 году. Амбасада Беларусі ў Аргентыне аплаціла яму і ягонай сям’і — жонцы і сыну — кошт авіябілетаў па маршруце Буэнас-Айрэс — Парыж — Менск.
«Разам з тым абвінавачаны, жадаючы трапіць у Варшаву і пазьбегнуць пры гэтым уласных матэрыяльных затрат, з 23 па 26 кастрычніка 2020 году зьвярнуўся да турапэратара і зарэзэрваваў авіябілеты з Парыжу ў Варшаву замест Менску», — заявілі ў Генпракуратуры. Там таксама адзначылі, што пра зьмену маршруту супрацоўнікам дыпмісіі ён не паведаміў, «з прычыны чаго неабгрунтавана выкарыстаў транспарт пасольства для праезду да аэрапорта».
Астапенку налічылі шкоду, нанесеную дзяржаўнаму бюджэту, на суму звыш 6,9 тысячы рублёў.
Пад канец мінулага году Сьледчы камітэт скончыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да Ўладзімера Астапенкі, якую распачаў паводле артыкулу аб завалоданьні маёмасьцю, учыненым службовай асобай (частка 3 артыкулу 201 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК завяршыў сьледзтва ў «завочных справах» Цапкалы і Астапенкі з рэкорднай хуткасьцю- Уладзімер Астапенка — кар’ерны дыплямат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу амбасадаў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазьней — паслом у Чылі, Парагваі і Пэру па сумяшчальніцтве. У лістападзе 2020-га экс-амбасадар Беларусі ў Аргентыне далучыўся да Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гістарычная падзея», — кіраўнік прадстаўніцтва дэмсілаў Беларусі ў Брусэлі Астапенка пра задачы місіі, альянс з Украінай і пашпарты
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.