З пачатку вайны Расеі супраць Ўкраіны Казахстан стаў адным з галоўных напрамкаў для грамадзян, якія пакідаюць краіну, каб пазьбегнуць мабілізацыі.
Казахстан узмацніў жорсткасьць правіл уезду і знаходжаньня ў краіне для замежнікаў. Дакумент, зацьверджаны прэмʼер-міністрам краіны Аліханам Смаілавым, апублікаваны на сайце прававых актаў.
Пачынаючы з 27 студзеня грамадзянам краін Эўразійскага эканамічнага саюза — Расеі, Беларусі, Армэніі і Кыргызстана — будзе дазволена знаходзіцца ў рэспубліцы ня больш за 90 дзён на працягу кожнага перыяду ў 180 дзён. Калі гэты тэрмін будзе перавышаны, замежнік, які выехаў з краіны, патрапіць назад ня зможа. Новыя правілы ня будуць распаўсюджвацца на тых, хто атрымаў дазвол на часовае пражываньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна краіна пачала выдаваць беларусам шэнгенскія візыРаней грамадзяне краін Эўразійскага эканамічнага саюза маглі выкарыстоўваць так званы «візаран», перасякаючы мяжу Казахстана раз на тры месяцы. Гэтага было дастаткова, каб абнавіць тэрмін легальнага знаходжаньня на тэрыторыі дзяржавы.
З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Казахстан стаў адным з галоўных напрамкаў для грамадзян, якія пакідаюць Расею. Па дадзеных МУС Казахстана, толькі пасля абʼяўленьня мабілізацыі ў рэспубліку прыбылі 400 тысяч расейцаў, 150 тысяч з іх засталіся на тэрыторыі краіны, а дазвол на часовае пражываньне атрымалі толькі 36 тысяч чалавек.