Па выніках мінулага года насельніцтва Кітая склала 1,41175 мільярда чалавек, што на 850 тысяч менш, чым год таму, паведаміла Нацыянальнае бюро статыстыкі Кітая, піша Reuters.
На працягу 36 гадоў, аж да 2015 году, у краіне праводзілася дэмаграфічная палітыка «Адна сямʼя — адно дзіця», каб запаволіць рост насельніцтва праз эканамічныя асьцярогі.
З 2021 году ўлады Кітая — на фоне імклівага старэньня насельніцтва — стымулююць нараджальнасьць, прапаноўваючы выплаты і падатковыя льготы семʼям зь дзецьмі. Аднак, мяркуючы па статыстыцы, гэтага недастаткова: у 2022 годзе нарадзілася на мільён менш кітайцаў, чым у 2021-м.
«Хто зараз адважыцца завесьці дзяцей, калі цэны на жытло такія высокія. Ніхто ня хоча жаніцца і нават улюбляцца, ня кажучы ўжо пра дзяцей», — цытуе The Guardian карыстальніка кітайскай сацыяльнай сеткі Weibo.
Цяпер Кітай — самая населеная краіна свету. Другое месца займае Індыя з насельніцтвам звыш 1,3 мільярда чалавек. Па прагнозах ААН, яна абгоніць Кітай ужо ў 2023 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 тэндэнцый наступнага году паводле рэдактара Economist