Інфармацыю кіргіскай службе Радыё Свабода пацьвердзілі землякі памерлай і некалькі іншых крыніц. 47-гадовая Назгуль Таламушава памерла ў Менску пасьля хваробы. Цяпер родныя рыхтуюцца да яе пахаваньня на радзіме, у вёсцы Казарман, якая месьціцца ў Джалал-Абадзкай вобласьці.
Па словах сваякоў Таламушавай, яе цела ўжо даставілі ў Кіргізстан.
У 2016 годзе паведамлялася, што Назгуль Таламушава прызначана дырэктаркай прадпрыемства «Гатэль Менск», які афіцыйна належыць Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Беларусі. Праз год пасьля ўцёкаў з краіны разам са сваім мужам, былым прэзыдэнтам Кіргізстану Курманбекам Бакіевым, Таламушава расказвала газэце «Айат», што жыве з Бакіевым з 1995 году, у іх сям’і двое дзяцей.
Бакіеў прыйшоў да ўлады ў 2005 годзе ў выніку сакавіцкай рэвалюцыі, але падчас красавіцкіх падзей 2010 году яго скінулі з пасады. Падчас акцыі пратэсту супраць рэжыму Курманбека Бакіева загінулі 90 чалавек. Пазьней Бакіеў зь сям’ёй пакінуў краіну і атрымаў прытулак у Беларусі, дзе яго асабіста прыняў Лукашэнка. Бакіеву нават далі беларускае грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў былому прэзыдэнту Кіргізстану Бакіеву зямельны надзел ля сваёй рэзыдэнцыіУ Кіргізстане Курманбек Бакіеў завочна асуджаны на 30 гадоў пазбаўленьня волі, яго малодшы брат, былы начальнік Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў — на пажыцьцёвы тэрмін, сын Марат — на 30 гадоў пазбаўленьня волі. Малодшы сын Максім Бакіеў абвінавачаны ў шэрагу злачынстваў і таксама асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
У інтэрвію прадстаўніка ByPol для Радыё Азатык у сьнежні 2021 году прадстаўнік беларускай арганізацыі зрабіў дапушчэньне, што Бакіеў мог перавезьці ў Беларусь усіх чальцоў свайго кляну, адпаведна, Лукашэнка мог уратаваць іх усіх ад рэальнай турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты яшчэ жывы? Камароў ня дужа баісься? Калі не, прыяжджай». Як запрашалі ў Беларусь экс-прэзыдэнта Кіргізстану