На сустрэчы міністра замежных справаў Сяргея Алейніка з Апостальскім нунцыем арцыбіскупам Антэ Ёзічам у Менску бакі абмяняліся думкамі «аб сытуацыі ў рэгіёне», паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.
«Бакі абмеркавалі актуальныя пытаньні ўзаемадзеяньня паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай, — гаворыцца ў рэлізе. — У ходзе гутаркі было пацьверджана імкненьне да прадаўжэньня актыўнага супрацоўніцтва ў розных сфэрах і адкрытага паважлівага дыялёга па пытаньнях узаемнай цікавасьці».
26 сьнежня мінулага года Ёзіч заявіў, што Менск зноў можа стаць «цэнтрам для дасягненьня міру ва Ўкраіне», і «рухі» у гэтым напрамку «ёсьць на нізкім або высокім узроўні».
- 25 лістапада прадстаўнік Ватыкана сустракаўся з ранейшым міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. Асноўнымі тэмамі гутаркі сталі 30-годдзе ўстанаўленьня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Апостальскай Сталіцай, узаемадзеяньне Ватыкана і Менска, а таксама «актуальнае становішча Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі». Для памерлага на наступны дзень Макея сустрэча стала апошнім публічным мерапрыемствам.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед за масавымі пратэстамі.
- За апошнія два гады частка сьвятароў прайшла праз затрыманьні, суды і арышты па палітычных матывах, некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
- Адну з самых актыўных каталіцкіх супольнасьцяў — парафію св. Сымона і Алены — на падставе рамонту пазбавілі магчымасьці маліцца ў Чырвоным касьцёле ў Менску.