Генштаб УСУ заявіў пра рост пагрозы ракетна-авіяцыйных удараў з паветранай прасторы Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

На фоне лётна-тактычных вучэнняў беларускай і расейскай авіяцыі Генштаб Узброеных сіл Украіны заявіў аб росьце «пагрозы нанясеньня ракетна-авіяцыйных удараў менавіта з паветранай прасторы Беларусі».

«Пад выглядам сумеснага навучаньня супернік узмацніў баявую авіяцыйную групоўку ў Беларусі», — гаворыцца ў вячэрняй зводцы Генштаба Ўзброеных сіл Украіны.

Вучэньні пачаліся 16 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стартавалі двухтыднёвыя беларуска-расейскія лётныя вучэньні

У ходзе манэўраў, якія будуць праводзіцца па 1 лютага, плянуецца адпрацаваць «шырокі спектар пытаньняў», у тым ліку «вядзеньне паветранай разьведкі, сумеснае патруляваньне паветранай прасторы ўздоўж дзяржаўнай мяжы, авіяцыйную падтрымку груповак войскаў, высадку тактычнага паветранага дэсанту, дастаўку грузаў і эвакуацыю параненых»..

«Для забесьпячэньня правядзеньня вучэньня задзейнічаюцца ўсе аэрадромы і палігоны ВПС і войскаў СПА Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь», — адзначылі ў Мінабароны Беларусі.

Аб прыбыцьці на беларускія аэрадромы падразьдзяленьняў ваенна-касьмічных сіл РФ было аб’яўлена напярэдадні вечарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на запоўненым тэхнікай палігоне «Лепельскі». Здымак са спадарожніка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці возьме беларускае войска ўдзел у вайне? Меркаваньне Аляксандра Азарава