16 студзеня працягнуўся судовы працэс у «справе Вясны», фігурантамі якой зьяўляюцца старшыня «Вясны» і нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, яго намесьнік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. Таксама завочна судзяць Зьмітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь.
Перад пачаткам сёмага пасяджэньня Ўладзю Лабковічу выклікалі хуткую дапамогу, піша «Вясна». Шэсьць дзён таму ў сувязі з дрэнным самаадчуваньнем праваабаронцу таксама выклікалі мэдыкаў у залю.
Вядома, што Лабковіч хварэе, у яго высокая тэмпэратура. Але, як і папярэдні раз, мэдыкі сказалі, што прычын для шпіталізацыі няма і ён у стане прысутнічаць на судовым пасяджэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працяг суду над лідэрамі «Вясны»: праваабаронцы зноў прасілі зьняць зь іх кайданкі, суд адмовіўСуд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы — 283 тамы па 300 старонак. Пры гэтым яшчэ на першым судовым пасяджэньні Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў за месяц азнаёміцца з усімі матэрыяламі справы, а гэта больш за 70 тамоў.
Праваабаронца прасіў даць яму час на азнаямленьне зь імі, але судзьдзя Марына Запасьнік заявіла, што ён меў дастаткова часу на гэта і цяпер няма падставы для даваньня яму дадатковага часу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над нобэлеўскім ляўрэатам. Чаму праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт абароны журналістаў заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць расейскую журналістку Яньшыну