Радыё Свабода раней напісала пра беларускія вайсковыя палігоны на здымках са спадарожнікаў. З дапамогай спадарожніка Planet Labs і вайсковага экспэрта мы ацанілі, што адбываецца на вайсковых палігонах. З таго часу на іх пераважна прыбывала новая жывая сіла расейскага войска.
У матэрыяле дзяржаўнай тэлевізіі, прысьвечаным аптэчкам, сфармаваным спэцыялістамі катэдры вайсковай мэдыцыны Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, ёсьць кадры з Обуз-Лясноўскага вайсковага палігону.
Вайсковая інфраструктура — намёты і тэхніка — зьявілася тут у пэрыяд ад жніўня да канца кастрычніка 2022 году. Тады, якраз у канцы кастрычніка, мы пісалі пра абстаноўку на палігоне так:
Два намётавыя лягеры. Памеры большага — 150×220 мэтраў, гэта больш за два футбольныя палі. Побач зь ім яшчэ адзін намётавы лягер, 90×90 мэтраў. Усяго пастаўлена ня менш за 150 намётаў. Каля іх сама меней 200 адзінак вайсковай тэхнікі, у асноўным гэта грузавыя машыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея рыхтуе новы напад на Ўкраіну зь Беларусі? Беларускія вайсковыя палігоны — на здымках з спадарожнікаў
Некаторыя намёты трапілі на кадры дзяржаўнай тэлевізіі. У рэпартажы камэнтар даюць і расейскія вайскоўцы, твары якіх схаваныя.
Што да аптэчкі, то яна атрымалася даволі аб’ёмная, а яе прыблізны кошт — 400 беларускіх рублёў. Сярод прэпаратаў і сродкаў у ёй ёсьць кітайскія і расейскія, аднак міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч адзначыў, што вядзецца работа дзеля імпартазамяшчэньня. Неўзабаве беларускія спэцыялісты павінны наладзіць выпуск аклюзійных плястыраў і кампрэсійных бандаж-павязак, і тады ў складзе аптэчак стане яшчэ больш беларускіх элемэнтаў.
На тэлеканале пахваліліся, што такіх аптэчак у NATO няма, а словы беларускіх байцоў Палку Каліноўскага пра няякаснасьць аптэчак нібыта ня маюць нічога агульнага з праўдай. Дацэнт катэдры арганізацыі мэдзабесьпячэньня войскаў і мэдыцыны катастроф вайскова-мэдычнага інстытуту БДМУ Аляксандар Міхальчук, а таксама начальнік гэтай катэдры Андрэй Стрынкевіч параўналі для «Беларусь 1» некаторыя замежныя і беларускія распрацоўкі, у прыватнасьці джгуты. Яны прыйшлі да высновы, што некаторыя беларускія рэчы лепшыя па прымяненьні.
Таксама, ацэньваючы замежныя складнікі аптэчак, яны адзначылі, напрыклад, што «далёка ня ўсе павязкі працуюць так, як сьцьвярджае вытворца». Агульная выснова, зробленая ў матэрыяле, — беларускія аптэчкі лепшыя за натаўскія. Раней так выказваўся Лукашэнка, абяцаючы паставіць аптэчкі расейскім вайскоўцам.
Задача стаяла ў распрацоўцы аптэчак як для самадапамогі, так і дапамогі іншым байцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першыя некалькі гадзін страшна, потым прывыкаеш». Як лекар-беларус дапамагаў вайскоўцам і быў паранены ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае вайсковы лягер на палігоне, які наведаў Лукашэнка. Спадарожнікавыя здымкі