— Што такое «масавыя беспарадкі»?
— Многія ўдзельнікі мірных маршаў зьвярталі ўвагу, што «масавыя беспарадкі» пачыналіся толькі тады, калі зьяўлялася і пачынала «працаваць» міліцыя.
Паводле закону масавыя беспарадкі (праз коску) павінны суправаджацца пагромамі. Інакш гэта ня масавыя беспарадкі, а мірны марш, які, паводле Канстытуцыі, міліцыя павінна ахоўваць. Але для так званых судоў закон што дышла. Адсюль гэтыя пакараньні за «выхад на праезную частку», «спыненьне транспарту», які ў часе маршаў проста не хадзіў. То бок быў спынены, але ня тымі, хто выйшаў на марш, а гарадзкімі ўладамі.
— Якім чынам у Беларусі можа зьмяніцца моўная сытуацыя?
— Карэнна зьмяніць сытуацыю без спрыяльнай палітыкі дзяржавы немагчыма. Але. Гэтую зьмену палітыкі павінна рыхтаваць грамадзтва, кожны з нас мусіць пашыраць беларускую мову. Пачынаючы зь сябе.
Вы гаворыце па-расейску? Ну вось проста забудзьце словы-маячкі «русского мира»: «здравствуйте» і «до свиданья». Кажыце «добры дзень» і «бывайце». І вы ўжо адчуеце, як ачысьцілася ваша моўная экалёгія. Хоць, здавалася б, дробязі. Вам ужо лягчэй будзе ў сваю гутарковую мову ўводзіць беларускія словы: дзякуй, калі ласка, напрыклад. І так крок за крокам прыйдзе вызваленьне. Чытайце па-беларуску і вучыце дзяцей па-беларуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Чаму пакаленьне 70+ жадае аб’яднаньня з Расеяй, пра беларускую нацыянальную ідэю і эўрапейскія каштоўнасьці— Як адрэагуе сьвет, калі Лукашэнка дасьць нашы тэрыторыі Расеі для паўторнага нападу на Ўкраіну?
— Сьвет ужо адрэагаваў, назваўшы Лукашэнку суагрэсарам. Тут нічога ня зьменіцца. Адбудзецца яшчэ адзін моцны ўдар па іміджы беларусаў і па стаўленьні да нас украінцаў. З гэтым мы таксама ўжо знаёмыя.
Новая рэальнасьць можа пачацца тады, калі Лукашэнка пашле ва Ўкраіну сваю армію. Калі з Украіны ў Беларусь паплывуць труны армейцаў, калі армейцы павернуць зброю і пяройдуць на ўкраінскі бок, калі полк Каліноўскага ператворыцца ў армію і рушыць на Дразды і «Валадарку».
З гістарычнага гледзішча ўсё гэта магло б адкрыць мірную і пазытыўную пэрспэктыву для Ўкраіны, Беларусі, а нават і для Расеі.
— Чаму Бог дапускае войны?
— Бог не ваюе, не нападае і «дапускае ўсё ўвогуле», што дазваляе сабе чалавек. Бог раіць: «Усё тое, што ты хочаш, каб іншыя людзі рабілі табе, тое і ты рабі ім»? Адэкватны чалавечы сьвет кіруецца гэтым імпэратывам. Ягоны сэнс — у роўнасьці.
Цяжка ўявіць, каб сёньня Літва напала на Польшчу, а Францыя на Італію. Чаму гэта немагчыма? Бо краіны і народы сталі глядзець на сябе, як на іншых і роўных зь іншымі.
Дыктатары, якія пачынаюць агрэсію, кіруюцца чым заўгодна, толькі ня роўнасьцю зь іншымі і ня Боскімі законамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра Новы год, «калектыўны Захад» і калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадому— А дзе цяпер група Бі-2?
— Адказ гугліцца. На афіцыйным сайце (bdva.ru) ёсьць расклад канцэртаў на 2023 год. Гурт называюць расейскім і беларускім, бо стварыўся ён у Бабруйску. Займае антываенную пазыцыю, але плянуе пры тым выступы ў Расеі.
І тут два пытаньні. Ці гэта магчыма? І ці ня сьведчыць гэта пра дваістыя адносіны да вайны, якія дэманструюць сёньня многія расейскія знакамітасьці з дэмакратычнага лягеру, не дазваляючы сабе вызначыцца найперш ва ўласным сэрцы?
— Ці сапраўды Беларусь цяпер пад маскавіцкай акупацыйнай адміністрацыяй?
— «Акупацыя — гэта захоп чужой тэрыторыі з ужываньнем збройнай сілы, а таксама час гэтага стану». У нас адбыўся сілавы захоп улады Лукашэнкам, тысячы палітвязьняў, расейскія войскі на тэрыторыі, русіфыкацыя...
Але ці гэта найперш наша ўнутраная праблема ці міжнародная? Калі ўнутраная, тады Беларусь захоўвае сваю прызнаную юрысдыкцыю, хоць і перажывае крызіс. Калі міжнародная — параўнайце з Данбасам ці Крымам, лёс якіх будуць вырашаць ужо не яны. Можа быць, мы перабольшваем свой сёньняшні цяжкі стан у вачох сьвету, чым самі сабе закладаем міну ў будучыні? Вылекаваць краіну адно, перамагчы Расею — іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра найбліжэйшы беларусам народ, тарашкевіцу/наркамаўку і кветкі на магілу Макея— Армяне ці азэрбайджанцы? Які народ нам большы саюзьнік? Гледзячы на ўкраінцаў, азэрбайджанцы бліжэй, хоць і мусульмане з дыктатурай. Армяне хоць і ў АДКБ, але Расею, як мне здаецца, не падтрымліваюць. Калі ўкраінец за Азэрбайджан, то каго лепей падтрымаць беларусу?
— Гэта пытаньне з «канфрантацыйнай этыкі», якая для цывілізаванага сьвету, спадзяюся, адышла ў гісторыю. Мне асабіста ў кожным народзе цікава разгледзець свой.
А падтрымліваць заўсёды трэба таго, каму горш, хто церпіць, з кім абышліся несправядліва. Яскравы прыклад — паэтычныя пераклады беларускі Насты Кудасавай з удмурцкай мовы, дзеля выратаваньня якой спаліў сябе навуковец Альберт Разін.
❓ Задайце вашае пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus_bot; Signal: +380502605369
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра «нашу» Вільню, законнасьць першых выбараў прэзыдэнта і ці павінны ўкраінцы ў адказ бамбіць Расею