Лукашэнка заявіў, што 90% ягоных праціўнікаў нібыта зьмянілі стаўленьне да рэжыму

6 студзеня 2023 Лукашэнка наведваў беларускія вайсковыя часткі. Ілюстрацыйнае фота.

Аляксандр Лукашэнка правёў прыём на стары Новы год, на якім уручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Падчас свайго выступу ён згадаў і праціўнікаў дзейнай улады, заявіўшы, што зараз яны бачаць у ёй «свой паратунак».

Лукашэнка ўзнагародзіў на прыёме сваіх прыхільнікаў і прапагандыстаў са СМІ, спорту, культуры і іншых сфэраў.

Ён заявіў, што хоча, каб 2023 год стаў годам міра і стварэньня. «І ня толькі на сваёй зямлі», — дадаў ён. Лукашэнка заявіў, што сёньня гэта разумеюць нават тыя, «хто яшчэ ўчора супрацьпастаўляў сябе дзяржаве, выступаў супраць рэжыму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідзе эвалюцыя аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі ў таталітарны. Відэаблог Валера Карбалевіча

Аўтарытэтная праваабарончая ініцыятыва Human Rights Watch падвяла вынікі 2022 для Беларусі. Выснова — нягледзячы на пастановы і рэзалюцыі аўтарытэтных міжнародных арганізацый, улады дзяржавы на чале з Аляксандрам Лукашэнкам сыстэматычна ігнаруюць міжнароднае права і звароты да сябе.

Некаторыя высновы справаздачы:

  • У 2022 годзе працягвалі зачышчаць незалежныя галасы, у тым ліку шляхам сфабрыкаваных судовых спраў і перасьледу праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, апазыцыйных палітыкаў і актывістаў. На момант напісаньня справаздачы за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаньнях знаходзіліся ня менш за 1340 чалавек (на 12 студзеня ў Беларусі 1440 палітычных зьняволеных, паводле «Вясны». — РС), і ніводная праваабарончая арганізацыя не магла легальна дзейнічаць у Беларусі.
  • З 24 лютага ўрад Беларусі дазваляе расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Улады перасьледавалі крытыкаў расейска-ўкраінскай вайны і жорстка разганялі антываенныя пратэсты.
  • Улады не змаглі правесьці эфэктыўнага расьсьледаваньня шырока распаўсюджаных сьцьвярджэньняў аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня зь мірнымі дэманстрантамі з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у жніўні 2020 году пасьля маніпуляцый на прэзыдэнцкіх выбарах.