«ЗША не паступяцца незалежнасьцю Беларусі». Кавалеўскі пра вынікі візыту ў Вашынгтон і пляны дэмсілаў на выпадак найгоршага сцэнару

Валер Кавалеўскі ля адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, дзе праходзіла адна з сустрэчаў

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі расказвае пра вынікі сваіх сустрэчаў і перамоваў у Белым доме, Пэнтагоне і Дзярждэпартамэнце ЗША, а таксама пра тое, якія выклікі стаяць у 2023 годзе перад дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Глядзець размову на відэа цалкам


Тут фрагмэнты інтэрвію

«ЗША будуць працягваць падтрымліваць Беларусь»

— Пра якія канкрэтныя вынікі вашага візыту ў Вашынгтон можна ўжо гаварыць, якія будуць больш доўгатэрміновыя вынікі?

— Была сустрэча ў Міністэрстве абароны на досыць высокім узроўні — намесьніцы міністра абароны Сэлест Валандэр. Быў шэраг кансультацый і перамоваў у Дзяржаўным дэпартамэнце і ў Кангрэсе ЗША. І апошняя сустрэча была ў Белым доме ў Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША з дырэктарам па Беларусі. Дарэчы, атрымалася так, што на сустрэчы былі два дырэктары па Беларусі: адзін, які пакідае пасаду, і другі, які літаральна першы дзень быў на працы на новай пасадзе.

Cустрэча ў Белым Доме праходзіла ў кабінеце былога сакратара па пытаньнях вайны

Самыя галоўныя тэмы абмеркаваньня — пагрозы незалежнасьці Беларусі, падвойны крызіс, зь якім трэба на сёньняшні дзень працаваць дэмакратычным сілам, грамадзянскай супольнасьці Беларусі і ўсяму беларускаму народу. Гэта ўнутрыпалітычны крызіс у Беларусі і гэта вайна супраць Украіны, у якую Лукашэнка ўцягнуў нашую краіну. Важныя высновы перамоваў, якія варта адзначыць — ЗША будуць працягваць падтрымліваць Беларусь, ЗША не паступяцца незалежнасьцю Беларусі.

Кіраўнік офісу па каардынацыі санкцый Дзярждэпартамэнту ЗША Джым О'Брайен і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі

Санкцыі супраць рэжыму будуць узмацняцца. Ні ў якім разе няма размовы, каб іх паслабляць, наадварот, гаворыцца пра тое, што можна зрабіць, каб падвысіць іх эфэктыўнасьць. Важна тое, што палітычнае супрацоўніцтва з палітычнымі сіламі Беларусі будзе працягвацца. Гэта азначае, што нас чакаюць новыя сустрэчы на высокім узроўні. Магчыма, гэта будуць міжнародныя форумы, магчыма, гэта будуць двухбаковыя візыты. Абмен інфармацыяй, параўнаньне пазыцый, выпрацоўка новых крокаў, каб вырашаць гэтыя крызісы, працягнецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту едзе абмяркоўваць у Пэнтагоне і Дзярджэпе ЗША

Працягнецца таксама дапамога для грамадзянскай супольнасьці Беларусі, што ўключае ў сябе і незалежныя мэдыя, і праваабаронцаў, і пытаньні культуры, і іншыя сфэры, якія на сёньняшні дзень становяцца ўсё больш і больш выразнымі. Вельмі шмат беларусаў выехалі па-за межы Беларусі, яны ствараюць новыя супольнасьці, яны ствараюць новыя моцныя арганізацыі, і вельмі важна падтрымаць гэты рух.

Кейт Бін, дырэктар па пытаньнях Беларусі ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі

Мы абмяркоўвалі каардынацыю ў міжнароднай дзейнасьці — што мы разам маглі б рабіць, ЗША і Беларусь, для таго, каб «падсьвечваць» сытуацыю ў нашай краіне, прыцягваць рэсурсы, інструмэнты міжнародных арганізацый для вырашэньня нашых праблем.

Урэшце, важна згадаць і новую для нас сфэру. Гэта супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі. Тое, што ёсьць ваенная пагроза Беларусі з боку Расеі, гэта таксама трэба абмяркоўваць і шукаць новыя формы супрацоўніцтва. І тут варта адзначыць гатоўнасьць ЗША, адміністрацыі Байдэна ісьці на такія размовы і распрацоўваць новыя крокі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «2023-і — год беларускай мовы». Вялікае інтэрвію Ціханоўскай пра вайну, палітвязьняў, навагодні зварот і вынікі 44 візытаў

«Вайна пачалася зь Беларусі і з дапамогай Лукашэнкі — гэта і ёсьць адказ на пытаньне, што можна зрабіць на сёньняшні дзень, каб спыніць гэтую вайну»

— З таго, што вы пачулі, ці выглядае, што ў ЗША ёсьць разуменьне таго, што вырашэньне крызісу ў Беларусі ёсьць часткай вырашэньня іншага крызісу — вайны Расеі супраць Украіны, і перамога тут немагчымая без вырашэньня крызісу ў Беларусі?

— Вядома. Мы гаворым пра тое, што ёсьць узаемная залежнасьць і ўзаемная зацікаўленасьць Украіны і Беларусі ў тым, каб вырашыць крызіс у Беларусі і дапамагчы Ўкраіне абараніцца ад гэтай агрэсіі.

Таксама мы адзначаем і тое, што калі вайна пачалася зь Беларусі і з дапамогай Лукашэнкі, то, магчыма, гэта і ёсьць адказ на пытаньне, што можна зрабіць на сёньняшні дзень, каб спыніць гэтую вайну — вывесьці Беларусь з гэтай вайны, пазбавіцца ад Лукашэнкі, прымусіць яго саступіць, пакінуць гэтую пасаду, каб у Беларусі быў дэмакратычны рэжым, які ні ў якім разе ня стаў бы зноў пагражаць Украіне і які быў бы здольны даць гарантыі бясьпекі Ўкраіне, і каб мы ўрэшце перайшлі да пабудовы ўзаемнага партнэрства з Украінай, а не таго, што на сёньняшні дзень мы бачым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка непрымальны, ягоныя словы на Захадзе нічога ня вартыя», — Кавалеўскі

«Вайна можа прыйсьці ў Беларусь такім чынам»

— Сьвятлана Ціханоўская 10 студзеня агучыла прыярытэты дэмакратычных сілаў, адзін зь якіх — прадухіленьне ўдзелу Беларусі ў вайне. Давайце ўявім: бліжэйшым часам закрываюцца межы Беларусі, адбываецца напад Расеі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Тут ёсьць некалькі опцый: наступаюць толькі расейскія войскі, Беларусь працягвае прадастаўляць тэрыторыі і рэсурсы, беларускія вайскоўцы наступаюць асобна ці яны наступаюць у складзе расейскага войска. У апошніх двух найгоршых варыянтах разьвіцьця падзей якая будзе пазыцыя Кабінэту, дэмсілаў, ваша асабіста?

— Гэта будзе тая самая чырвоная рыса, пераступіўшы якую, Лукашэнка ўжо аніяк ня зможа рабіць выгляд, што ён ня мае ніякага дачыненьня да вайны. Гэта будзе чырвоная рыса, якая пакажа, што Лукашэнка абсалютна падкантрольны Крамлю, што ён робіць усё ня тое што насуперак нацыянальным інтарэсам, а падрывае нацыянальную бясьпеку нашай краіны.

Гэта чалавек, які ня мае ніякага эфэктыўнага кантролю над тэрыторыяй. І гэта ставіць перад намі пытаньне новай магчымасьці, каб выносіць гэтае пытаньне перад Радай Бясьпекі ААН, перад міжнароднай супольнасьцю, каб адклікаць цалкам прызнаньне ад Лукашэнкі, чалавека, які ніякім чынам не прадстаўляе беларускі народ. Гэта ставіць новую пэрспэктыву для ўкраінскага кіраўніцтва, якое, як мы бачым, да сёньняшняга дня захоўвае вельмі стрыманую пазыцыю датычна кантактаў з дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі. Менавіта таму, што яны не хацелі б правакаваць Лукашэнку на такое ўварваньне.

Калі мы гаворым пра імаверныя сцэнары, больш і менш горшыя, то адзначаем, што ўкраінцы ўжо заявілі: калі яны будуць бачыць зграмаджэньне расейскіх войскаў на мяжы з Украінай, калі яны будуць бачыць рэальную пагрозу таго, што будзе новае ўварваньне, ці то расейскімі войскамі, ці то аб’яднанымі войскамі, то яны будуць наносіць прэвэнтыўныя ўдары па тэрыторыі Беларусі, па гэтых аб’ектах.

Гэта азначае, што вайна сапраўды прыйдзе на тэрыторыю Беларусі, і гэта створыць абсалютна новы кантэкст ня толькі зьнешнепалітычны і ваенны, але і грамадзкі, калі беларусы пабачаць, што Беларусь зноў стала часткай вайны і што ўпершыню з часоў Другой сусьветнай вайны на тэрыторыю Беларусі падаюць бомбы. Мы вымушаныя разумець пазыцыю ўкраінцаў, якія ўжо перажылі адно такое ўварваньне і вельмі моцна пацярпелі. Мы разумеем, што гэтая рызыка вельмі-вельмі высокая. І нават перад тым, як самыя адмоўныя сцэнары могуць адбыцца, вайна можа прыйсьці ў Беларусь такім чынам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можна паглядзець па-іншаму: што жанчына кіруе чатырма мужчынамі». Вялікае інтэрвію з Валерам Кавалеўскім пра кабінэт, Пазьняка, Украіну