Ганна Вішняк была валянтэркай: зь сябрамі наведвала дзіцячыя дамы, прывозіла дзецям ласункі.
«Паколькі я сама выхоўвалася ў школе-інтэрнаце, цудоўна памятаю, як да нас прыяжджалі людзі з падарункамі. І, стаўшы дарослай, я занялася валянтэрствам. Летам 2020-га я стала валянтэркай чату „Водители 97%“, потым адміністратарам каналу. Мы арганізоўвалі аўтапрабегі, але ня проста „пакатушкі“, а паездкі ў дзіцячыя дамы», — расказвае Ганна.
Яна кажа, што 9 жніўня ўвечары валянтэрыла з мэдычным чамаданчыкам і бэджам на Нямізе. Пабачыла, як у хлопца ад выбуху сьвятлашумавой гранаты загарэлася майка. Хлопца закінулі ў аўтазак, Ганна пачала прасіць, каб дазволілі аказаць яму дапамогу. Яе таксама закінулі ў аўтазак, прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. Чамаданчык з мэдыкамэнтамі закінулі ў кусты. У пастарунку яна сустрэла сяброўку — таксама без валізкі і бэджыка. Нейкім чынам удалося адтуль вырвацца — дзяўчаты прыкінуліся, што прывезьлі рэчы затрыманым, і іх адпусьцілі.
Потым адчувала, што месяц за ёй сачыў малады чалавек, пастаянна хадзіў сьледам, расказвае дзяўчына.
«Я ўзяла самую вялікую каструлю, паклала туды кіляграм солі і „зварыла“ ноўтбук і новы айфон»
28 кастрычніка 2020 году па яе прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Званілі ў дзьверы 40 хвілін — яна не адчыняла.
«Але за гэты час я ўзяла самую вялікую каструлю, паклала туды 1 кг солі і „зварыла“ ноўтбук і новы айфон. У мяне засталіся два старыя андроіды (тэлефоны. — РС). Я пасьпела напісаць калегу, каб ён забраў у мяне акаўнт уладальніка канала.
Дзьверы давялося адчыніць. Калі мы сядзелі за сталом, я нібыта выпадкова скінула тэчку з дакумэнтамі апэратыўніка — яны рассыпаліся, і я ўбачыла скрыншоты з нашага чату, аватаркі і гэтак далей», — успамінае Ганна.
Выклікалі «панятых», Ганна пазнала ў адным чалавека, які месяц за ёй сачыў. Забралі ўсю тэхніку. Паклалі ў кішэню флэшку без усялякага афармленьня.
«Бедункевіч з ГУБАЗіКу сказаў: „Забудзься аб правах чалавека, пакуль ты ў мяне ў руках“»
Пасьля гэтага Ганну, як яна расказвае, павезьлі ў РУУС. Туды ж прыехаў тагачасны намесьнік начальніка ГУБАЗіКу Міхаіл Бедункевіч.
«Бедункевіч адразу сказаў: „Забудзься аб правах чалавека, пакуль ты ў мяне ў руках“. Сілавікі дабраліся толькі да Telegram. І тут да мяне прыйшоў сам Мікалай Карпянкоў (у той час начальнік ГУБАЗіК. — РС). Я яго не пазнала. Ён быў у цывільным, такі невысокі, дробны, шчочкі, як яблычкі. Пачаў задаваць пытаньні пра гэты плян. Зьвяртаўся вельмі ветліва: „А хто тут хныкае? Чаму вочы на мокрым месцы?“, „А ці пакармілі вас?“, „Прынясіце дзяўчыне вады“.
Ён рэзка пераключаецца літаральна за сэкунду зь „мілага дзядзечкі“ ў д’ябла! І пачынае: „Ды мы ўсё ведаем, у нас ёсьць уся інфа“. Я кажу: „Ну калі вы ўсё ведаеце, я вам навошта? Які сэнс са мной размаўляць?“
А ён пытаецца: „А вы ведаеце, з кім вы размаўляеце?“ Я кажу: „Вы прафайлер, напэўна“. Я проста сама прафайлер у бізнэсе. І разумела, што ў такіх структурах таксама ёсьць прафайлеры. Я, праўда, мала ведала», — расказвае Ганна.
Потым Карпянкоў сышоў, пакінуў дзяўчыну на свайго намесьніка Бедункевіча. Падскочылі іншыя супрацоўнікі ГУБАЗіК — Беланоўскі і Варабей — маўляў, ці праўда, што Ганна не пазнала такога чалавека? Знайшлі пра яго ў гугле, паказалі, расказалі, які Карпянкоў добры прафэсіянал і знакаміты чалавек.
«На галаве згусткі крыві. Адкуль — ня памятаю. Як трапіла ў камэру — ня памятаю»
Позна ўвечары Ганну павезьлі ў Сьледчы камітэт. Потым у ІЧУ на Акрэсьціна. Спачатку пасадзілі ў дэпартацыйную камэру. Раніцай — у адзіночку. Выклікалі на допыт.
«Пачынаецца „жэсьць“. Заходжу ў кабінэт — там клетка, і асобна стаіць крэсла. Насупраць столік і на „трынозе“ і відэакамэра. У кабінэце — Бедункевіч з памочнікам. У пальчатках! Мне страшна. А потым — жудасны прэсінг, мяне валілі на падлогу, ставілі крэсла, нагу на грудзі, зьневажалі, прыніжалі. Жах. Бедункевіч быў то добрым паліцыянтам, то злым. Называў процьму артыкулаў КК — я іх ня ведала. Палохаў усім. Усё здымалася на відэа. Яму ўдалося зь першага дня „нарэзаць“ 8-сэкундны ролік з жудаснымі склейкамі.
Што было далей, я ня памятаю. Ня памятаю, як трапіла ў камэру. Раніцай ачуняла, убачыла, што суседка па камэры прыкладае халодныя анучы, ручнікі — да твару, сьпіны, нырак. Балела галава жудасна. Валасы былі закручаныя ў гульку. Расплятаю яе — на галаве згусткі крыві. Адкуль — ня памятаю. Толькі памятаю, што траціла прытомнасьць яшчэ на допыце. Яны пераціснулі...» — расказвае Ганна.
Яна здолела з ІЧУ перадаць цыдулку на волю — празь дзяўчынку-замежніцу, якую вызвалялі. Расказвае, што такім чынам пасьпела папярэдзіць сваіх пра пэўныя моманты.
«Моцнай мяне зрабіла Тацяна Канеўская. Я ж прыехала ў СІЗА плакса плаксай»
У выніку на Ганну завялі крымінальную справу па трох артыкулах. На судзе два ўдалося зьняць дзякуючы адвакату, кажа былая палітзьняволеная.
«У першай камэры я ўбачыла ружовае паліто і чорны шалік Антаніны Канавалавай (палітзьняволеная, былая давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай. — РС). Незадоўга да гэтага я пісала артыкул пра Тоню і многае пра яе ведала. Але я разумела, што цёпла кантактаваць небясьпечна. Я наагул у гэтай камэры выбрала для сябе тактыку: буду несьці поўную лухту — няхай «шасьцёркі» даносяць.
Ну а Тоня мне дала канвэрты, запыталася пра адваката. У прыбіральні яна шэптам падтрымала фразай: «Нас б’юць, а мы лятаем».
Ганна расказала Антаніне, што зь ёю адбылося. Але сама не магла расказаць Канавалавай, што ўсё пра яе ведае. Потым была іншая камэра, дзе старэйшай была Тацяна Канеўская (палітзьняволеная, яшчэ адна давераная асоба Ціханоўскай. — РС).
«Мне гэтая клапатлівая жанчына нагадала „домовёнка Нафаню“ з мульціку! Яна расказала аб правілах камэры. Я ж ня ведала нічога пра Канеўскую, ведала толькі, што яна давераная асоба Ціханоўскай. А пра рух „Маці 328“ я нічога ня ведала!
Моцнай мяне зрабіла Тацяна Канеўская. Я ж прыехала ў СІЗА плакса плаксай. Я ў сябе, у свае сілы ня верыла. У мяне паверыла Канеўская. Яна сапраўды вельмі добры пэдагог. Дзякуючы ёй я пратрымалася ўвесь час, ні на кроплю ня здрадзіла сваім перакананьням», — з удзячнасьцю ўспамінае Ганна Тацяну Канеўскую.
«Яны такія цудоўныя: Іра Злобіна, Ксюша Сырамалот, Юля Слуцкая, Ірына Рыбалка, Вольга Залатар»
Вельмі цёпла яна расказвае пра Ірыну Злобіну (палітзьняволеная, фігурантка справы журналіста Андрэя Аляксандрава. — РС), зусім юную студэнтку Ксенію Сырамалот (былая палітзьняволеная, фігурантка «справы студэнтаў». — РС).
«Ёй усяго 20 гадоў, але Ксюша ўжо сапраўды сацыёляг: у яе такі інтэлект, веды, дзяўчынка вельмі граматная, разумная — я ў захапленьні ад Ксюшы! Юлія Слуцкая дапамагла захаваць мае доўгія валасы. Яна заплятала мне такія тугія косы-каласкі, патлумачыла, што ў такіх умовах валасы прасьцей захаваць, калі расплятаць косы раз на тыдзень перад душам. Ірыну Рыбалку з tut.by мы паважліва называлі „біёлягам“. Яна сапраўды біёляг па адукацыі, на прагулках нам шмат расказвала пра розныя расьліны.
Ды ўсе яны — Іра Злобіна, Ксюша Сырамалот, Юля Слуцкая, Ірына Рыбалка, Вольга Залатар, Віка Міронцава, Тоня Канавалава — яны такія цудоўныя!» —узгадвае Ганна найбольш яркіх асоб, якіх спаткала на «Валадарцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца зь вязьнямі пасьля выхаду на волю і як ім дапамагчы вярнуцца да звычайнага жыцьця«Я кожную раніцу з жахам прачыналася: ці жывая мама?»
Былая палітзьняволеная прызнаецца, што былі ў жанчын і зрывы, канфлікты. Многія плакалі, не маглі стрымацца, зьмірыцца зь несправядлівасьцю, нялюдзкімі ўмовамі ўтрыманьня разам з бамжамі.
«Неяк перавялі мяне ў адну з самых жудасных камэр Валадаркі — 7.4 з лужынай пасярэдзіне — працякала каналізацыя. Мы прасьціной адгароджвалі прыбіральню. Месяц сядзелі з Вольгай Класкоўскай, Вікай Міронцавай. Я не вытрымліваю — заяўляю пра галадоўку. Мяне пераводзяць у іншую камэру.
Там бабуля з наркатычным артыкулам. І Вольга Залатар (палітзьняволеная шматдзетная маці. — РС)! Гэта быў яе першы дзень за кратамі. Яна расказала, як зь яе зьдзекаваліся за беларускую мову, білі за тое, што не дала пароль ад пляншэта. Волечка — проста сонечны чалавечак! Размаўляе на чысьцюткай беларускай мове, яна нам шмат вершаў чытала», — узгадвае Ганна Вішняк.
Ганна расказвае, што калі была на «Валадарцы», яе маці цяжка захварэла на ковід. Як дачка даведалася пазьней, маці 29 дзён была ў крытычным стане.
«Лісты ад сваякоў мне не аддавалі. Я кожную раніцу з жахам прачыналася: ці жывая мама? Нарэшце ня вытрымала. Быў адзін апэратыўнік па імені Андрэй, ён мяне і прымаў, калі я толькі паступіла ў СІЗА. Якраз яго зьмена была. Я была злая, пачала крычаць. Ён прынёс ліст ад бацькі. Мама жывая. Я на радасьцях падскочыла, яго абняла. А потым Канеўская сказала: „Аня, ты зрабіла вялікую рэч: ён звальняецца“. Ня ведаю, як склаўся ягоны лёс далей, нават ня ведаю прозьвішча гэтага чалавека».
«Суд успрымала як цырк»
Суд доўжыўся месяц — з 5 траўня па 4 чэрвеня 2021 году. Працэс быў закрыты. Ганна кажа, што ўспрымала яго як цырк.
«Будзь мая воля — я б наагул ня езьдзіла на суд. Гэта забава, рытуал. Складалася ўражаньне, што судзьдзя Жанна Хвайніцкая наагул ні ў што не ўнікае, прысуд у яе быў гатовы ў першы дзень працэсу.
Але ў мяне быў вельмі прафэсійны адвакат. Я давала дакладныя, кароткія паказаньні, ніводнага лішняга слова. Абвінавачваньні па двух артыкулах зьнялі зь мяне — дзякуючы майму абаронцу. Застаўся толькі 342 артыкул КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх. — РС). У выніку я атрымала 2,5 года пазбаўленьня волі», — кажа Ганна.
26 жніўня, пасьля разгляду апэляцыі, Ганну зьбіраліся этапаваць у Гомельскую жаночую калёнію. Але раптам у СІЗА зьявіўся Бедункевіч, і яе зьнялі з этапу, расказвае дзяўчына.
«Бедункевіч прыяжджае са сваім памочнікам Беланоўскім. „Мы тут праяжджалі міма і вырашылі заехаць паразмаўляць“. Міла размаўлялі, прапанавалі сябраваць, маўляў, мая будучыня ў калёніі залежыць ад іх: „Тэрмін я не адмяню. Але... Будзеш мяне слухацца і супрацоўнічаць — будзеш сядзець добра. Не — будзеш безь перадач і бяз „грэву“ (без кантрабанды, на якую адміністрацыя калёній закрывае вочы. — РС)“, — гэта ў іх жаргон такі», — узгадвае былая палітзьняволеная.
«Месяц у атрадзе, потым 10–15 дзён у ШЫЗА»
Ганну Вішняк этапавалі ў Гомель у сталыпінскім вагоне. У калёніі за 1 год і 2 месяцы яна памяняла 10 атрадаў.
«16 верасьня я трапляю ў атрад. Там была Паліна Шарэнда-Панасюк. Каб не яна — я б зламалася. Паліна лайфхакі пра здароўе расказвала, як выжыць, яна вельмі разумная, дасьведчаная, моцная», — расказвае Ганна.
Шмат часу правяла ў ШЫЗА: месяц у атрадзе, потым 10–15 дзён у ШЫЗА. Трапляла і ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу - РС). Першы раз у штрафны ізалятар трапіла 2 сьнежня.
«На фабрыку прыехала праверка з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Я выказала ўсё пра парушэньні ў калёніі. Да таго ж мы пісалі лісты ў Міжнародную арганізацыю працы — пра пыл, бруд, антысанітарыю, шум, перапрацоўку, працу па 7 дзён на тыдзень без выходных. Пра мізэрныя заробкі ў 44 капейкі.
Натуральна, начальнік калёніі ўсё чуў, што я казала прадстаўнікам ДВП, і праз 10 хвілін я апынулася ў ШЫЗА. Нібыта ў мяне быў кіпяцільнік у кішэні. „Рабяты! Гэта не маё“, — кажу. Слова „рабяты“ палічылі абразай».
Па словах Ганны, яе пасадзілі ў штрафны ізалятар спачатку на 10 дзён, потым дадалі яшчэ 10. Камэра была бэтонная, на жалезнай акантоўцы — іней, працягвае яна.
«Там такі холад! А я ў паркалёвым тонкім касьцюмчыку. Спаць ня можаш, матраца няма. Падскокваеш, прысядаеш, спрабуеш сагрэцца. На пятыя суткі мозг адмаўляецца працаваць, вельмі дрэнна.
Прыходзяць начальнікі (супрацоўнікі калёніі. — РС): „Вы ўсё яшчэ незаконна асуджаная? Ну ладна, сядзіце!“ Плюс 10 сутак. Прымушаюць напісаць прызнаньне віны. Прычым абстрактнае — каб павесіць на мяне ўсё што заўгодна. Я сур’ёзна захварэла. Доктар прыходзіць, мерае тэмпэратуру і дае шалёную дозу таблетак. У мяне апушчэньне ныркі і цэлы букет хваробаў», — расказала Ганна.
У суседняй камэры ШЫЗА сядзела і Тацяна Канеўская, якая таксама за два гады зьняволеньня сур’ёзна падарвала здароўе.
«Канеўская трымалася ў СІЗА на „Валадарцы“ вельмі добра. Казала, што ніколі ня будзе прымаць ніякіх таблетак. А калі мы сядзелі побач у камэрах ужо ў ШЫЗА ў Гомлі, я бачыла, як да яе прыходзіць доктар і дае цэлую жменю таблетак. Сам факт, што яна прымала столькі таблетак, кажа, што здароўе пагоршылася. А потым яе адправілі ў „крытку“ ў Магілёўскую турму», — кажа Ганна Вішняк.
«Унітазы ў два шэрагі, вошы ў швах адзеньня, я іх прапякала кіпяцільнікам»
28 сьнежня хворую Вішняк, па яе словах, адпраўляюць у атрад № 5 у корпус, дзе быў зусім сьвежы эўрарамонт, можна было кожны дзень прымаць душ. «Умовы як у санаторыі», расказвае сама дзяўчына. Але ўжо 9 студзеня яе перавялі ў 14 атрад.
«Унітазы ў два шэрагі. Людзі з вакзалу, ня мыюцца. Вошы ў швах адзеньня. Калі я іх заўважыла, пачала кіпяцільнікам прапякаць усе швы. Потым мыю адзеньне. У той камэры была цудоўная дзяўчынка, студэнтка Наста Булыбенка, яе празвалі „Аленянятка“. Прыкладна 1 месяц я прабыла там».
А потым зноў быў ШЫЗА, узгадвае Ганна Вішняк. Адной зьняволенай не далі азнаёміцца з новай крымінальнай справай паводле 411 артыкула — падаўжэньня тэрміну на 1 год, не дапусьцілі адваката. І тая дамаглася праверкі наглядных органаў.
«І вось 18 лютага прыехала праверка з Генпракуратуры. Прадстаўнікі пракуратуры размаўляюць з усімі палітычнымі з жоўтымі біркамі. Я скарысталася і ўсё выклала пра ўсе парушэньні ў калёніі. Што мяне прымусілі падпісаць прызнаньне віны (дарэчы, яно было потым ануляванае). Я напісала наглядную скаргу. І зноў вельмі хутка трапіла ў ШЫЗА», — узгадвае Ганна Вішняк.
«На кожнае тваё дзеяньне будзе процідзеяньне. У нас былі празь цябе праблемы»
Ганна расказвае, што ёй было забаронена наведваць спартзалю, клюб, кіно. Крама, атаварка дазвалялася толькі на 2 базавыя велічыні ў месяц (на 64 рублі). Яна была пазбаўлена відэазванкоў, перадач, спатканьняў. Ёй нават царкву забаранілі наведваць.
Дзяўчына кажа, што накіроўвала процьму лістоў у пракуратуру наконт парушэньня правоў зьняволеных. На ніводзін зь іх не было адказу. Да яе не дапускалі адваката, калі трэба было дапамагчы напісаць наглядную скаргу ў Генпракуратуру.
Адвакат прыехаў толькі 13 студзеня 2022 году. Але аказалася, што няма заявы на сустрэчу зь ім.
«Ды я заявы на адваката пісала кожны тыдзень! Мяне прывялі да падпалкоўніка Драздовай, якая была маёй куратаркай па прафуліку як «экстрэмісткі з жоўтай біркай». Драздова кажа: «Давай ты напішаш заяву, я ў начальніка калёніі падпішу». Вяртаецца: адвакат ня стаў чакаць. «Канечне, — кажу я, — ужо палова на пятую вечара!» Мне помсьцілі за тое, што аднойчы я кантактавала з адвакатам, а потым у калёніі былі вялікія праблемы.
Я аднойчы ня вытрымала, пайшла да начальства: «Мяне ўжо пасадзілі, я нічога дрэннага калёніі не раблю. Мне трэба напісаць наглядную скаргу, дазвольце сустрэцца з адвакатам. Я абяцаю пра калёнію наагул нічога дрэннага не казаць».
Супрацоўнік калёніі пасьмяяўся і кажа: «Атрымлівай процідзеяньне. На кожнае тваё дзеяньне будзе процідзеяньне. У нас былі празь цябе праблемы. У нас тут усё схоплена, і ў горадзе ўсё схоплена. Таму павыхоўваем цябе тут, а потым на Рэчыцы (больш жорсткае месца зьняволеньня для жанчын у Рэчыцы, дзе трымаюць рэцыдывістак. — РС) будзеш шаўковая».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязынка», «Бачная», «Яе экспэртыза». Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2022 году«Калесьнікава паводзіла сябе вельмі ветліва»
Сустракалася Ганна Вішняк у калёніі і з Марыяй Калесьнікавай.
Быў пэўны пэрыяд, калі яны маглі кантактаваць ледзьве не па гадзіне ў дзень, калі хадзілі ў мэдпункт па лекі. Адыходзілі ў бок, далей ад чаргі.
«Я адыходзіла зь дзяўчынай са свайго атраду, а Марыя — са свайго. Я раблю выгляд, што размаўляю са сваёй дзяўчынкай, і даношу Калесьнікавай усё, што я хачу ёй сказаць. А яна размаўляе як бы са сваёй дзяўчынай і даносіць мне ўсё, што хоча сказаць.
Зразумела, што там шмат чаго не агучыш, але крыху кантактавалі. Яна перадавала, што ўсіх падтрымлівае і душой і сэрцам. Але яна зусім ні з кім не кантактавала з палітычных зьняволеных. Ключавое слова — «зусім ні з кім». Я ўдакладняла: «Вы да нас не падыдзеце, ня скажаце пару словаў падтрымкі? Вы аўтарытэт для нас». Маша адказала: «Зразумейце правільна: я не магу падысьці і ставіць людзей пад небясьпеку. Я не хачу, каб у вас потым былі праблемы. Я ня маю права», — зь цеплынёй узгадвае Ганна Вішняк пра Марыю.
Яна кажа, што Калесьнікава зь вялікай павагай ставілася да кожнага, нікога не асуджала, усіх людзей лічыла годнымі і вялікімі.
«Мне падалося, што яна адчувала сваю віну. Ад Машы ішла вялікая ўдзячнасьць, што людзі сапраўды аб’ядналіся, паверылі ёй. Яна ведала гісторыі многіх палітычных, ведала пра справу студэнтаў.
У калёніі яна бамжам, якія зь сьметнікаў елі, зьбіралі недакуркі, прапаноўвала пячэнькі, давала вільготныя сурвэткі, каб працерлі рукі. Яе пазбаўлялі перадач, спатканьняў, хоць яна паводзіла сябе вельмі ветліва, нікога ня троліла, ставілася да супрацоўнікаў як да прадстаўнікоў улады.
Я часта бачыла Машу з усьмешкай, чула яе сьмех. Вельмі хацелася падысьці, неяк на фабрыцы я зрабіла крок насустрач, але яна жэстам паказала: «Ня трэба».
«У апошні перад вызваленьнем месяц я вырашыла ператварыцца проста ў „гародніну“»
Паколькі ў Ганны было ў калёніі 16 спагнаньняў, яе дакумэнты рыхтавалі на падаўжэньне тэрміну зьняволеньня на 1 год (паводле артыкула 411 КК — злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).
«Але ў апошні перад вызваленьнем месяц я вырашыла ператварыцца проста ў „гародніну“, маўклівую, абыякавую, якая з усім пагаджаецца, ківае».
Пры канцы лістапада 2022 году Ганна Вішняк выйшла на волю. З калёніі яе сустрэла маці. Адаптавацца на свабодзе пасьля двух гадоў турмы было няпроста, узгадвае дзяўчына. Але нават пасьля цалкам адбытага тэрміну зьявіліся трывожныя званочкі, і дзяўчына вымушаная была з адным заплечнікам зьехаць у іншую краіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня проста ахвяры, а змагары. Чаму зварот родных палітвязьняў — гэта добры знак для Беларусі