Сьцісла:
- І ў лістападзе, і ў сьнежні мы маглі заўважыць павелічэньне мілітарысцкай рыторыкі прапаганды.
- Міністар абароны Хрэнін выказваўся нават больш канструктыўна і асьцярожна, чым аўтарка інтэрвію Людміла Гладкая.
- Прапаганда вядзе размову ў стылі «калі трэба, то мы будзем ваяваць. Калі на нас нападуць, то будзем ваяваць».
- Перад 24 лютага 2022 году беларуская прапаганда разам з расейскай казала, што Захад хлусіць, ніякага нападу на Ўкраіну ня будзе.
- Прапаганда, можа, і не спрацоўвае на падтрымку расейскай агрэсіі — але працуе на дэматывацыю людзей, якія супраць вайны.
- Поўным табу зьяўляецца той факт, што Беларусь стала пляцдармам для нападу на Ўкраіну.
— Ці зьмянілася афіцыйная прапаганда за апошнія тыдні, калі пачало актыўна абмяркоўвацца пытаньне магчымай новай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі на Ўкраіну? Ці рыхтуе прапаганда беларусаў да вайны?
— Прапаганда выконвае заданьні «зьверху», не абавязкова ведаючы, у чым сапраўдная мэта гэтага «верху». Так што ў нашай сытуацыі размова можа ісьці як пра падрыхтоўку сапраўднага нападу зь беларускага пляцдарма на Ўкраіну, так і пра тое, што можа стварацца толькі ўражаньне, што такі напад рыхтуецца. Таму адназначна высновы рабіць немагчыма.
Але і ў лістападзе, і ў сьнежні мы маглі заўважыць павелічэньне мілітарысцкай рыторыкі. Усё больш зьяўляецца матэрыялаў, дзе гаворыцца пра «абарону айчыны», пра тое, што «побач вайна, а ў Беларусі астравок стабільнасьці», «мы ня ўдзельнічаем у вайне, але калі нападуць, то мусім абараняцца», «NATO ўсё больш канцэнтруецца каля беларускіх межаў». Гэтыя наратывы і раней прысутнічалі, але зараз іх стала значна болей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін: Беларусь гатовая да перамоваў, на Захадзе яшчэ засталіся адэкватныя палітычныя сілыЯ б асабліва адзначыў інтэрвію міністра абароны Віктара Хрэніна газэце «Беларусь сегодня» ад 30 лістапада. Там паказальна тое, што міністар выказваўся нават больш канструктыўна і асьцярожна, чым аўтарка інтэрвію Людміла Гладкая, якая проста прымушала яго пагаджацца з тымі наратывамі, якія яна сама прапаноўвала. Гэта былі ня проста «цяжкія пытаньні», якія часам задаюць журналісты, каб падштурхнуць суразмоўцаў да пэўных адказаў — гэта была цэлая канцэпцыя. Хрэнін пры гэтым гаварыў пра канструктыўную пазыцыю заходніх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў кантакце зь беларускімі, і гэтак далей. То бок атрымалася, што прапагандыстка была большым ястрабам за міністра абароны.
Калі ж гаварыць пра Лукашэнку, то ён робіць выказваньні, разьлічаныя на розную аўдыторыю — часам у адной прамове робіць супрацьлеглыя высновы. Але рыторыка пра вучэньні, пра канцэнтрацыю войскаў, пра падрыхтоўку Ўкраіны да вайны — усё гэта перажоўваецца прапагандай вельмі актыўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальфовіч раскрыў сутнасьць пратаколу, які падпісалі на пачатку сьнежня Хрэнін і Шайгу— У 2022 годзе па беларускім тэлебачаньні паказвалі ролікі, дзе беларускія вайскоўцы заяўлялі: «Мы нікуды не ідзём, мы застаёмся». Ці працягваюць іх паказваць, ці гэты мэсыдж ужо адменены?
— Той ролік быў запісаны ў адказ на відэа, запісанае ўкраінскім бокам, дзе ўкраінцы казалі, што ня трэба беларускім вайскоўцам ісьці ваяваць ва Ўкраіну. Так што гэта была тады канкрэтная рэакцыя на канкрэтную падзею, і зараз тыя ролікі ўжо не паказваюць. Зараз прапаганда вядзе размову ў стылі: «Калі трэба, то мы будзем ваяваць. Калі на нас нападуць, то будзем ваяваць». Можна прыгадаць, што перад 24 лютага 2022 году беларуская прапаганда разам з расейскай казала, што Захад хлусіць, ніякага нападу на Ўкраіну ня будзе — але потым адразу пачалі казаць, што гэта быў прэвэнтыўны адказ на агрэсію Ўкраіны.
Для прапаганды «пераабувацца» зусім не складана. Іншае пытаньне — яны хацелі б сказаць людзям, да чаго іх рыхтаваць, але не заўсёды ведаюць, да чаго. Яны кажуць, што няма ніякай схаванай мабілізацыі, гэта проста пераўлік кадраў у ваенкаматах — але людзі бачаць, што тут нешта адбываецца, і гэта трывожна.
На фоне агульнай трывожнасьці і вайны ў рэгіёне словы Лукашэнкі пра тое, што мы мусім абараняцца, выглядаюць больш пераканаўча — для тых людзей, якія давяраюць Лукашэнку і дзяржаўным мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў пра сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі і на ўкраінска-беларускай мяжы— Аднак з вашых словаў вынікае, што пакуль гэты пасыл дваісты? Пакуль нельга сказаць, што ўся прапаганда пераключылася на падрыхтоўку да вайны? Такога ж нават у СССР не было ў чэрвені 1941 году.
— Ёсьць істотнае адрозьненьне. Тады, у чэрвені 1941-га, савецкая прапаганда ўсяляк даказвала, што ніякай вайны ня будзе. Цяпер наадварот: расказваецца пра тое, што ёсьць шмат правакацый і вайна можа быць. Разам з тым можна адзначыць, што падзеньне ракеты на тэрыторыі Беларусі аказалася менш значным чыньнікам, чым падзеньне ракеты ў Польшчы. Тую гісторыю прапаганда выкарыстала напоўніцу, каб давесьці, што сярод саюзьнікаў Украіны могуць узьнікнуць праблемы і яны сутыкнуцца ілбамі.
А гісторыю з падзеньнем ракеты ў Беларусі яны фактычна моцна не раскручвалі, быў вельмі зьніжаны тон. Я думаю, прапагандыстаў тут стрымлівала пытаньне адказнасьці і магчымых наступстваў. Бо калі б яны наўпрост абрынуліся на Ўкраіну, гэта магло б ператварыцца ў рэальную нагоду для абвастрэньня сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы напад зь Беларусі разглядаюць толькі як пытаньне часу, — аналітык Гудзонскага інстытуту— Мы бачым, як ГУБАЗІК хапае людзей за любыя праўкраінскія праявы, за колеры ўкраінскага сьцяга, за словы падтрымкі Ўкраіны ў сацыяльных сетках. Фармальна кажучы, гэта не зьяўляецца ніякім парушэньнем ніякага заканадаўства, і Беларусь з Украінай не ваюе. Наколькі расейскі наратыў, што ўкраінцы ворагі, перадаецца зараз беларускай прапагандзе?
— Мы ў праекце Медіа-IQ яшчэ ўвосень 2021 году адзначылі, што беларуская прапаганда пачала ўжываць «альтэрнатыўныя» намінацыі: замест «украінская ўлада» — «украінская хунта», замест «узброеныя сілы» — «украфашысты», «нацыяналісты» і гэтак далей. Калі прапаганда атрымала такую адмашку — гэта відавочна паказвае, на чыім баку прыхільнасьці кіроўнага рэжыму. А ГУБАЗІК, як галоўны палітычны карны орган, проста выконвае сваю карную функцыю.
Але я б усё ж разьвёў дзейнасьць карных органаў з прапагандай. Мы бачым па сацыялягічных апытаньнях, што беларусы ніяк не захапляюцца вайной ва Ўкраіне, ня сталі масава падтрымліваць расейскую агрэсію. Так што мы бачым, што прапаганда тут не дасягае сваіх мэтаў. Разам з тым нельга сказаць, што яна цалкам неэфэктыўная. Гэта, можа, і не працуе на падтрымку расейскай агрэсіі — але працуе на дэматывацыю людзей, якія супраць вайны. Калі людзі чытаюць тыя гісторыі, што адбываюцца ў сьценах ГУБАЗІКа, то гэта застрашвае людзей, яны могуць не наважыцца на выказваньне сваіх думак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дуда, Зяленскі, Наўседа сустрэліся ў Львове: Польшча абяцала Ўкраіне танкі Leopard 2— Ці можна сказаць, што сёньня беларуская прапаганда цалкам перайшла на рэйкі расейскай, ці яна захоўвае нейкую сваю адметнасьць? Альбо яна проста стала рэгіянальнай часткай крамлёўскай прапаганды?
— Адметнасьці захаваліся. Так, адбылася пэўная сынхранізацыя з расейскай прапагандай, але засталіся і асобныя інтарэсы. Акцэнт робіцца на тым, што «мы ў вайне ня ўдзельнічаем, мы робім розныя гуманныя рэчы». Яны вырашаюць розныя задачы.
Беларускай аўдыторыі імкнуцца не назаляць тым, што ў краіне прысутнічаюць расейскія войскі, поўным табу зьяўляецца той факт, што Беларусь стала пляцдармам для нападу на Ўкраіну ў лютым. Прапаганда нават ня ўзгадвае тую думку, што з тэрыторыі Беларусі можа быць зноў ажыцьцёўлена агрэсія супраць Украіны. Іхны наратыў: «На Беларусь могуць напасьці, нам трэба бараніцца».