«Украінскаму боку недастаткова вайны на сваёй тэрыторыі. Прыкладам таму нядаўні інцыдэнт са зьнішчэньнем украінскай ракеты С-300. Прычыну яе прылёту на нашу тэрыторыю мы высьветлім», — сказаў Вальфовіч. Пры гэтым ён ужо «выдатна разумее», «хто стаіць за такімі безадказнымі дзеяньнямі».
«Магу з поўнай упэўненасьцю сказаць, мы здольныя адказаць на любыя выклікі і пагрозы, і, паверце, мала не падасца», — прыгразіў дзяржсакратар РБ.
Паводле яго слоў, зьверка ўліковых даных, праведзеная ваенкаматамі восеньню, ахапіла 95% вайсковаабавязаных. Вальфовіч лічыць, што ўсе яны гатовыя «абараняць сваю зямлю са зброяй у руках».
Вальфовіч падкрэсьліў, што задачы рэгіянальнай групоўкі войскаў у Беларусі маюць абаронны характар, аднак яна можа быць павялічана ў залежнасьці ад сытуацыі. «На сёньняшні дзень яна дастатковая і адэкватная існуючаму становішчу. Безумоўна, у залежнасьці ад дынамікі сытуацыі будуць прымацца адпаведныя рашэньні аб далейшым яе нарошчваньні ў тым складзе, які гарантавана астудзіць любыя «гарачыя галовы», — сказаў Вальфовіч.
«Дапаўненьні і зьмяненьні, якія ўнесеныя ў дзейнае пагадненьне [аб вайсковым супрацоўніцтве] у пачатку сьнежня падчас сустрэчы кіраўнікоў вайсковых ведамстваў дзьвюх краін, дазваляюць ствараць любую па складзе і колькасьці групоўку войскаў адэкватна наяўнай абстаноўцы», — паведаміў дзяржсакратар Рады бясьпекі.
Увечары ў суботу, 3 сьнежня, міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі ў Менску пратакол аб унясеньні зьмяненьняў у дагавор паміж дзьвюма краінамі ад 19 сьнежня 1997 году аб вайсковым супрацоўніцтве. Сутнасьць зьмяненьняў да гэтых тлумачэньняў Вальфовіча не раскрывалася.