Пра гэта паведамляе «Вясна» са спасылкай на жонку Дзяніса Івашына.
«Фэльчар агледзеў Дзяніса і прыняў рашэньне перамясьціць яго ў карантын, перапыніўшы такім чынам адбыцьцё „пакараньня“ ў карцары. Прычым фізычны стан Дзяніса быў настолькі кепскі, што мэдык дазволіў яму ўдзень ляжаць на ложку.
Сам Дзяніс казаў, што адчувае праблемы з дыханьнем, магчыма, гаворка ідзе пра віруснае рэсьпіраторнае захворваньне», — піша жонка Івашына.
- Дзяніс Івашын публікаваў расьсьледаваньні на сайце InformNapalm і ў газэце «Новы час». Ён расказваў, як журналісты ідэнтыфікавалі былых супрацоўнікаў украінскага спэцпадразьдзяленьня «Беркут», якія ўдзельнічалі ў разгонах беларускіх пратэстаў у шэрагах беларускага АМАПу. Журналіста засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі па арт. 365 (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве).
Віктар Бабарыка працуе на «вуглях»
Былы палітвязень Барыс Хіжнякоў, які нядаўна выйшаў з Наваполацкай калёніі, расказаў пра стан Віктара Бабарыкі, паведамляе @viktarbabarykaofficial. Коратка:
- Віктар Бабарыка прыкметна схуднеў.
- Маральна не зьмяніўся. Пазытыўна настроены, усьміхаецца.
- На яго працягваецца ціск. Бабарыку перавялі на «вуглі» — гэта вельмі шкодны для здароўя ўчастак, фактычна праца шахтаром.
Палітзьняволены экс-банкір, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суд прызнаў Віктара Бабарыку вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Статкевіч хварэе на пнэўманію, Анатолю Латушку раяць не пісаць лістоў па-беларуску, Бабарыку далі цяжкую працу