Працу 87% касавага абсталяваньня кампаніі «Тусон» аднавілі пасьля маштабнага збою, які працягваецца другі тыдзень

Ілюстрацыйнае фота

Спэцыялістам з 2 студзеня пакуль не ўдалося да канца аднавіць сыстэму касавых апаратаў у Беларусі.

Аб аднаўленьні касавага абсталяваньня на 87% паведаміла карэспандэнту БелТА намесьніца начальніка ўпраўленьня электронных сыстэм кантролю галоўнага ўпраўленьня кантролю і рэалізацыі тавараў і паслуг Міністэрства падаткаў і збораў Вольга Тараканава.

2 студзеня адбыўся збой у праграмным забесьпячэньні касавага абсталяваньня кампаніі «Тусон», якая зьяўляецца вытворцам і пастаўшчыком касавых апаратаў для сэгмэнту беларускага рынку.

«Касавыя апараты не працавалі праз памылку ў праграмным забесьпячэньні фіскальнага рэгістратара, праблема не зьвязана з працай сродку кантролю падатковых органаў, — падкрэсьліла Вольга Тараканава. — Па стане на сёньня адноўлена работа 87,4% касавага абсталяваньня. Астатняе касавае абсталяваньне або выкарыстоўваецца ў дробных крамах, альбо не зьяўляецца крытычным для гандлёвага аб’екта (падменнае абсталяваньне). Суб’екты аднаўляюць яго ў рабочым парадку. Паводле інфармацыі ТАА „Тусон“, аднаўленьне плянуецца завяршыць да 13 студзеня».

Прадстаўніца МПЗ таксама расказала, што кампанія «Тусон» падала дакумэнты для правядзеньня экспэртызы на адпаведнасьць патрабаваньням стандартаў сэрыі СТБ 1364.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства падаткаў і збораў стварыла працоўную групу, каб вырашыць «касавы крызіс», які доўжыцца з 2 студзеня

Суб’ектам гаспадараньня, у якіх яшчэ засталася праблема з касавым абсталяваньнем, неабходна зьвярнуцца ў ТАА «Тусон» або цэнтры тэхнічнага абслугоўваньня, зь якім заключана дамова на іх тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт, з выкладаньнем праблемы і падаць заяўку на рамонт, зафіксаваўшы дату ўзьнікненьня праблемы і нумар.

Касавае абсталяваньне «Тусон» дазваляецца выкарыстоўваць з адкарэктаваным праграмным забесьпячэньнем — да правядзеньня экспэртызы, зь неадкарэктаваным — да 1 лютага 2023 году, без устаноўленых сродкаў кантролю — да 1 сакавіка 2023-га.

Таксама дазваляецца выкарыстоўваць да 1 лютага 2023 году ў гандлёвых аб’ектах з гандлёвай плошчай 200 кв. м і больш касавае абсталяваньне, якое не забясьпечвае дыфэрэнцыяваны ўлік дадзеных аб таварах, якія рэалізуюцца, і не фармуе ў плацежным дакумэнце найменьне тавару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ў некалькіх гандлёвых сетках збоі на касах, некаторыя крамы зачыніліся

Акрамя таго, можна перамяшчаць касавае абсталяваньне паміж крамамі суб’екта гандлю і выкарыстоўваць яго пры ўмове падачы не пазьней за 1 лютага 2023 году ў РУП «Інфармацыйна-выдавецкі цэнтар падаткаў і збораў» заяўкі для ўнясеньня ў сыстэму кантролю зьвестак аб зьмяненьні месца ўстаноўкі і выкарыстаньня.

Маштабны збой у працы абсталяваньня адбыўся 2 студзеня і закрануў гандлёвыя сеткі «Ома», «Востраў чысьціні», «Эўраопт», запраўкі «Беларуснафта» і іншыя сеткі.

Частка аб’ектаў да раніцы 3 студзеня ўжо пачалі працаваць, аднак шмат у якіх крамах праблема засталася, таму падаткоўцы ўвялі паслабленьні па касах «Тусон» да яе вырашэньня. На разьвязаньне праблемы давалі 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 сыстэмна важных банкаў Украіны аб’ядналіся ў сетку Power banking. Яна зможа працаваць пры адключэньнях сьвятла