Яна агучыла прыярытэты працы на 2023 год і спосабы падтрымкі Беларусі на міжнародным узроўні. Zerkalo падсумавала асноўнае зь яе прамовы.
— Сытуацыя пагаршаецца. Мы змагаемся за само існаваньне нашай краіны: рэжым робіць больш жорсткімі рэпрэсіі, расейская прысутнасьць павялічваецца ў краіне, — адзначыла лідэрка беларускіх дэмакратычных сіл на самым пачатку свайго выступу.
Па словах Ціханоўскай, першы прыярытэт на новы год — прадухіліць удзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне. Для гэтага дэмсілы плянуюць больш інтэнсіўна дабівацца ўзмацненьня санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская настойвае на далейшай палітыцы непрызнаньня Лукашэнкі, а таксама на дакумэнтаваньні злачынстваў ягонай сыстэмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў віншаваньні на Раство пажадала беларусам заканчэньня вайны і крызісуПры гэтым паралельна яна настойвае на падтрымцы беларусаў у самой Беларусі і за яе межамі.
— Мы павінны падтрымліваць беларусаў, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі. Так, другі прыярытэт — працягваць стварэньне фондаў у падтрымку рэпрэсаваных і іх сем’яў, а таксама для рэабілітацыі экс-палітвязьняў, якія выходзяць на волю, — лічыць Ціханоўская. — Падтрымка патрэбная і тым, хто працуе ў выгнаньні, НДА, СМІ. Шмат візавых пытаньняў узьнікае. Трэба паскорыць візавую палітыку, выдаваць візы ў тым ліку ў Беларусі — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці для многіх. Мы таксама шукаем рашэньня для тых, каго могуць пазбавіць беларускага грамадзянства.
Яшчэ адным прыярытэтам на новы год лідэрка дэмсілаў называе ўзмацненьне ўплыву дэмсілаў унутры Беларусі і абмеркаваньне беларускага пытаньня на ўсіх узроўнях за мяжой. Дэмакратычныя сілы, паводле яе слоў, павінны прызнавацца як сапраўдныя прадстаўнікі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра завочны суд над ёй: «За захоп улады, дзяржздраду і злачынствы супраць чалавечнасьці трэба судзіць Лукашэнку»Таксама Сьвятлана Ціханоўская зазначыла, што важна пашыраць адукацыйныя, культурныя, асьветніцкія праекты, накіраваныя на прасоўваньне беларускай мовы, гісторыі.
— Беларусь — гэта частка Эўропы, а не «русского мира», — падкрэсьліла яна.
Па словах Ціханоўскай, дэмсілы ўжо напісалі праект Канстытуцыі. І актыўна працуюць над рэформамі ў сфэрах эканомікі, палітыкі, ствараюць рэзэрву кадраў і рыхтуюць прафэсіяналаў, якія пасьля будуць працаваць у дэмакратычнай Беларусі.
На пытаньне, як дагрукацца да людзей, якія застаюцца ў Беларусі, лідэрка дэмсілаў адказала, што рэгулярная сувязь з гэтымі беларусамі застаецца праз СМІ, плятформы салідарнасьці, валянтэраў, структуры прадстаўнікоў Абʼяднанага кабінэта.
— Гэта, вядома, складана, улічваючы небясьпеку для іх. Але мы імкнёмся шукаць новыя спосабы данясеньня нашых пасылаў. Мы павінны таксама размаўляць і з «нэўтральнымі» беларусамі, і з тымі, хто на баку рэжыму. Каб растлумачыць, што адбываецца, якія будуць наступствы, хто вінаваты, што санкцыі ўведзеныя, — дадала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «2023-і — год беларускай мовы». Вялікае інтэрвію Ціханоўскай пра вайну, палітвязьняў, навагодні зварот і вынікі 44 візытаўПадчас вэбінару выступіў таксама міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу. Паводле яго слоў, найперш трэба пазьбягаць далейшага ўцягваньня беларусаў у вайну ва Ўкраіне і аказваць падтрымку дэмакратычным сілам.
— Мы павінны працягваць палітычную ізаляцыю рэжыму Лукашэнкі, а таксама на ўсіх форумах захоўваць прадстаўленасьць беларускага пытаньня. Важна ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і пазьбягаць лякун у гэтым пытаньні. Неабходна працягваць кантакты з дэмакратычным рухам, у тым ліку што да будучыні Беларусі і пляну аднаўленьня пасьля падзеньня рэжыму Лукашэнкі. Павінна быць гатовая праграма, — сказаў Рэйнсалу.
Ён дадаў, што пасьля таго, як Сьвятлана Ціханоўская стала членам афіцыйнай эстонскай дэлегацыі, гэта гарантавала ёй доступ у штаб-кватэру ААН. Між тым Эстонія вырашыла вылучыць у беларускі дэмакратычны рух свайго прадстаўніка. Ён будзе знаходзіцца ў Вільні ад пачатку лютага.
— Я спадзяюся, гэта будзе практычным зьвяном паміж Эстоніяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі для далейшай дзейнасьці. Мы павінны таксама старацца, каб на кожнай канфэрэнцыі, дзе ёсьць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі, таксама прысутнічалі прадстаўнікі пераходнага ўраду, — сказаў Рэйнсалу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Эстоніі. Ён выказаўся за прыцягненьне Лукашэнкі да адказнасьці