Гэта вынікае з расьсьледаваньня журналістаў расейскай службы Радыё Свабода.
16 сьнежня мінулага году прадстаўнікі так званага «ЛНР» паведамілі пра абстрэл школы ў вёсцы Лантратаўка. Яны сьцьвярджалі, што ў школу трапілі тры ракеты, выпушчаныя з устаноўкі «Хаймарс», «загінулі 11 мірных жыхароў, 17 чалавек атрымалі раненьні». Іншых падрабязнасьцей прадстаўнікі «ЛНР» не прывялі.
Тады прарасейскія паблікі і акаўнты ў сацыяльных сетках пісалі, што ў Лантратаўцы «загінулі будаўнікі, якія прыехалі аднаўляць інфраструктуру» нібыта з «ЛНР» і Харкаўскай вобласьці. Аднак журналісты расейскай службы Радыё Свабода высьветлілі, што насамрэч сярод загінулых у Лантратаўцы былі пераважна расейцы, якія прыехалі на акупаваныя тэрыторыі на заробкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы наступаюць па целах сваіх жа салдатаў». Што адбываецца ў Салядары і чаму гэты горад стратэгічна важныЖурналісты знайшлі «ЎКантакце» акаўнт жыхара аднаго з расейскіх рэгіёнаў, які публікаваў фатаграфіі і відэа сьвежавыкапаных акопаў і ДАТаў (доўгачасовыя абарончыя пункты) і ў сьнежні знаходзіўся ў горадзе Валуйкі Белгарадзкай вобласьці, дзе, мяркуючы па ўсім, жылі найманыя рабочыя. Журналісты высьветлілі, што здымкі былі зробленыя за кілямэтар ад Лантратаўкі. Гэты ж мужчына пазьней апублікаваў фатаграфіі наступстваў абстрэлу сяла.
Журналісты пагаварылі зь ім і высьветлілі, што ў Луганскую вобласьць ён прыехаў, патэлефанаваўшы па аб’яве кампаніі «БудКом». Суразмоўца расказаў таксама падрабязнасьці пра абстрэл школы ў Лантратаўцы.
«Цяпер нас вывелі, сказалі, што пачаліся ваенныя дзеяньні. У Лантратаўку з намі прыехалі два аўтобусы з Новасібірску, з страхарамі і цесьлярамі. Нас вазілі кожны дзень празь мяжу, а іх пасялілі ў школе. Тры „Хаймарсы“ па наводцы, афіцыйна — 11 трупаў, неафіцыйна — 84. А 3 гадзіны ночы 3 ракеты, адна, потым праз 5 сэкундаў другая і трэцяя. Пакой майстроў разьнесла на шматкі», — цытуе выданьне словы мужчыны.
РС адзначае, што не змагло пацьвердзіць лічбу ў 84 загінулых з дапамогай іншых крыніц.
Раней тэлеграм-канал «Можем объяснить» расказваў, што фірма «СтройКом» публікавала абʼявы пра пошук рабочых, якім абяцалі плаціць да 210 тысяч расейскіх рублёў у месяц за працу ў раёне Данбасу. Паводле расейскай Свабоды, «СтройКом» набіраў новых ахвотных 7 сьнежня, гаворка ішла аб працах у Луганску, пасьля гэтага фірма публікавала толькі абʼявы аб працы на «новым абʼекце» ў раёне Запарожжа.
Расейская служба Радыё Свабода дадае, што адназначнага адказу на пытаньне аб тым, ці зьяўляюцца рабочыя з Расеі, якія прыяжджаюць на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, «законнымі вайсковымі цэлямі», няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія кампаніі масава набіраюць работнікаў для капаньня акопаў