Тэлеканал «Дождь» атрымаў ліцэнзію на вяшчаньне ў Нідэрляндах. Пра гэта яго галоўны рэдактар Ціхан Дзядко паведаміў у інтэрвію тэлеграм-каналу былога журналіста радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксандра Плюшчава. Ад далейшых камэнтароў Дзядко адмовіўся.
Адпаведная інфармацыя таксама зьявілася на сайце мясцовага рэгулятара 22 сьнежня. Са справаздачы камісіі вынікае, што «Дождь» зьвярнуўся з просьбай падаць ліцэнзію 6 сьнежня. На сайце рэгулятара таксама паведамляецца, што дазвол на вяшчаньне пад брэндам «Дождь» атрымала кампанія TVR Studios B.V.
Як адзначае Латвійскае радыё, атрыманая ў Нідэрляндах ліцэнзія можа дазволіць «Дождю» распаўсюджваць свае праграмы па кабэльных тэлевізійных сетках ва ўсіх краінах ЭЗ, у тым ліку Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвійскі тэлеканал TV3 скасуе дамову арэнды з тэлеканалам «Дождь»Летась у Латвіі разгарэўся скандал вакол «Дождя», калі яго вядоўца 1 сьнежня ў эфіры заклікаў дапамагаць расейскім вайскоўцам палепшыць умовы іх знаходжаньня на вайне. Тэлеканал звольніў вядоўцу, але не прасіў прабачэньня за ягоныя словы.
Улады вынесьлі каналу папярэджаньне, якое ўжо было ня першым — раней «Дождь» паказваў у эфіры мапу з уключаным у склад Расеі Крымам, а таксама ўжываў словазлучэньне «наша армія» ў дачыненьні расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне.
8 сьнежня ўлады Латвіі і Эстоніі спынілі вяшчаньне тэлеканалу ў сваіх дзяржавах. Вядоўцу каналу Аляксея Карасьцялёва ўнесьлі ў «чорны сьпіс» грамадзян, якім забаронены ўезд у краіну.
Упраўленьне ў справах грамадзянства і міграцыі (PMLP) Латвіі прыняло рашэньне захаваць візы супрацоўнікам тэлеканалу «Дождь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія адмовілася ад дзяржаўнай падтрымкі расейскамоўных СМІ