Рэпэр Сярога наведаў Сувораўскую вучэльню і асудзіў тэхналёгіі, якія «прымушаюць салдата сумнявацца, ці варта націскаць на курок»

Сяргей Пархоменка

Беларускі рэп-выканаўца Сяргей Пархоменка, які выступае пад псэўданімам Сярога, наведаў Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню. Сьпеваку зладзілі экскурсію, падчас якой ён азнаёміўся з гісторыяй і традыцыямі Менскай СВУ, умовамі пражываньня сувораўцаў.

«Эстафэты перайшлі ад вялікай савецкай дзяржавы, якая цяпер ня існуе, але ў гэтым кутку яе дух для мяне прысутны. Дзякуючы гэтаму, я спадзяюся, беларуская моладзь, хай сабе і ў невялікім працэнце, будзе ісьці слушным шляхам. Цяпер гэта вельмі важна. Наш сьвет зьнішчаюць пры дапамозе мэнтальнай вайны, гэта адзін зь відаў гібрыднай вайны», — сказаў Сяргей Пархоменка.

На яго думку, у рамках гэтай вайны дзяцей яшчэ зь дзяцінства пазбаўляюць права крытычна думаць, не дазваляюць карыстацца досьведам мінулага і не тлумачаць, што такое сацыяльныя сеткі.

«У наш сьвет прыйшлі тэхналёгіі, інструмэнты. Вось тут выхоўваюцца салдаты. А дзякуючы гэтым інструмэнтам у салдата забіраюць рашучасьць і волю. У час выпрабаваньня ён сумняваецца, ці націснуць яму на курок і ці вораг той, у каго яму даводзіцца цэліцца», — шкадуе музыка ў відэа, якое апублікавала БелТА.

Вядомасьць Пархоменку прынесла яго кар’ера ва Ўкраіне, дзе ён выдаваў альбомы і ўдзельнічаў ва ўкраінскіх тэлешоў. У 2019 годзе ён заяўляў, што хоча атрымаць украінскі пашпарт, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што Ўкраіна асацыюецца ў яго са свабодай. Цяпер ён жыве ў Беларусі, удзельнічае ў шоў на дзяржаўным канале і выступае на праўладных канцэртах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўладныя арганізацыі хочуць усталяваць мэмарыял у гонар зьнесеных за мяжой «рускіх» помнікаў. Прапанавалі і месца