«Марына Золатава, Людміла Чэкіна і ўсе супрацоўнікі Tut.by — гонар беларускай журналістыкі, — падкрэсьліла палітык. — Яны зрабілі для Беларусі больш, чым усе прысутныя ў залі суду прапагандысты, пракуроры, ахоўнікі і іншыя паслугачы. У любой нармальнай дзяржаве яны атрымлівалі б прэміі за прафэсіяналізм, а не сядзелі б за кратамі. Але Беларусь сёньня — гэта не нармальная дзяржава».
Ціханоўская перакананая, што «незалежныя і сумленныя журналісты патрэбныя кожнай дзяржаве, каб прыцягваць увагу да праблемаў і вырашаць іх». Замест гэтага рэжым Аляксандра Лукашэнкі «наймае прапагандыстаў для стварэньня нібыта прыгожай карцінкі ў дзяржаве», а «тых, хто адважыўся гаварыць праўду, рэпрэсуюць, катуюць, запалохваюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся закрыты суд над Tut.by, на лаве падсудных Марына Золатава і Людміла ЧэкінаЗолатава і Чэкіна, паводле яе слоў, — не злачынцы, а «выдатныя, сьмелыя, гордыя жанчыны, твары беларускай журналістыкі». «І ўсім нам, беларусам, вельмі пашанцавала зь імі. І пакуль яны не на волі, гэта наш з вамі абавязак — дапамагчы праўдзе перамагчы», — падсумавала Ціханоўская.
Менскі гарадзкі суд 9 студзеня пачаў разглядаць справу Tut.by у закрытым рэжыме. Апрача згаданых Золатавай і Чэкінай, абвінавачанымі па ёй праходзяць яшчэ некалькі былых супрацоўніц партала — рэдактар палітыка-эканамічнага блёку Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка. Апошнія трое на працэс не зьявіліся — паводле інфармацыі BPN, пасьля вызваленьня з-пад варты яны пакінулі Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ва ўсім вінаваты Tut.by». Расказваем пра Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, якіх будуць судзіць