«Наша Ніва» паведаміла, што затрымалі намесьніка генэральнага дырэктара ў эканоміцы «Беларуснафты» Сяргея Патупчыка, сына былога міністра энэргетыкі Ўладзімера Патупчыка.
Свабода даведалася некаторыя падрабязнасьці затрыманьня Патупчыка-малодшага.
«На „Беларуснафце“ усе былі проста ў шокавым стане ад затрыманьня Сяргея Патупчыка. Гэта здарылася перад навагоднім карпаратывам кампаніі. Яшчэ большы шок быў ад прычыны затрыманьня — допісу ў Instagram, зробленым у лютым 2022 году. Сяргей проста напісаў тады на ангельскай мове „f...ck war, Kiev is in my heart“. І больш нічога», — паведаміла крыніца.
Цяпер акаўнт Сяргея Патупчыка ў Instagram закрыты. Паводле суразмоўцы, затрымалі і іншых супрацоўнікаў «Беларуснафты» з Гомля і Рэчыцы. Але ў іх выпадку «абышлося» суткамі і звальненьнем.
«Патупчыку першапачаткова далі 15 сутак. Усе маўчалі, бо думалі, што яго адпусьцяць пасьля сутак. Але завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкула, пакуль невядома», — дадала крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адстаўкі-2018. Якіх міністраў сёлета памяняў Лукашэнка. І дзе яны цяперІншы суразмоўца, былы супрацоўнік «Беларуснафты», паведамляе, што Сяргея Патупчыка цанілі і паважалі на працы, бо ён быў прафэсіяналам і кампэтэнтным спэцыялістам. У ягоным профілі ў LinkedIn напісана, што топ-мэнэджар скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П.Сухога і атрымаў ступень MBA (Master of Business Administration) у Акадэміі Леана Казьмінскага ў Варшаве.
Імя Сяргея Патупчыка ўжо прыбралі з сайта «Беларуснафты».
Сяргей Патупчык займаецца трыятлёнам, у ягоных сацыяльных сетках шмат здымкаў з розных спаборніцтваў. У 2021 годзе ён атрымаў званьне «жалезнага чалавека» — удзельнічаў у спаборніцтвах «IRONSTAR SOCHI 2021». Гэта дыстанцыя 226 кілямэтраў (плаваньне 3,86 км, роварная гонка 180 км, бег 42,195 км).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусьнафта» праз санкцыі адмовілася ад паставак у Нямеччыну ў 2022 годзе