Міністэрства падаткаў і збораў стварыла працоўную групу, каб вырашыць «касавы крызіс», які доўжыцца з 2 студзеня

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі прызначыла адказных асоб і стварыла рабочую групу па вырашэньні праблем у працы гандлёвых аб’ектаў, якія выкарыстоўваюць касавае абсталяваньне ТАА «Тусон».

Група павінна забясьпечыць «каардынацыю дзеяньняў зацікаўленых» у адпаведнасьці з кампэтэнцыяй. У яе склад увайшлі прадстаўнікі самога Міністэрства падаткаў і збораў, Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, Дзяржаўнага камітэту ў стандартызацыі, Беларускага дзяржаўнага інстытуту стандартызацыі і сэртыфікацыі, а таксама самога ТАА «Туссон».

У ведамстве нагадалі, што на сайце МПЗ апублікаваны парадак дзеяньняў суб’ектаў, калі ў іх паўсталі праблемы з працай касавых апаратаў «Туссон».

Маштабны збой у працы абсталяваньня адбыўся 2 студзеня і закрануў гандлёвыя сеткі «Ома», «Востраў чысьціні», «Эўраопт», запраўкі «Беларуснафта» і іншыя сеткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі адвяло на вырашэньне «касавай праблемы» 10 дзён

У кампаніі «Тусон» прычынай збою назвалі праблемы з праграмным забесьпячэньнем.

Частка аб’ектаў да раніцы 3 студзеня ўжо пачалі працаваць, аднак шмат у якіх крамах праблема засталася, таму падаткоўцы ўвялі паслабленьні па касах «Тусон» да яе вырашэньня. На разьвязаньне праблемы давалі 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляны ўраду на 2023 год маларэалістычныя. Сёлета можна зноў чакаць стагнацыі і нулявога росту эканомікі,— эканаміст Крук