Нядаўняя гісторыя вакол кубка з навагодняга відэавіншаваньня Ціханоўскай, які раптам стаў мэдыягероем і пэўным сымбалем, прымушае нагадаць адну палітычную ісьціну, якая не прэтэндуе на адкрыцьцё, але якую часта забываюць і якую варта мець на ўвазе.
Калі мы гаворым аб пратэставых, антыўладных настроях, трэба разумець адну рэч. Многія людзі ненавідзяць дыктатарскую ўладу і абураюцца ёй не таму, што маюць глыбокія дэмакратычныя перакананьні, захапляюцца праэўрапейскімі каштоўнасьцямі і мараць пра дэмакратычныя перамены. Не. Яны ня любяць уладу менавіта як нешта, што знаходзіцца зьверху, над імі, як ня самыя пасьпяховыя людзі ня любяць людзей больш удалых, усіх гэтых «сыценькіх і багаценькіх».
Таму трэба разумець, што, калі адбудзецца «перамога дэмакратыі» (што б пад гэтым ні мелі на ўвазе) — значная частка сёньняшніх праціўнікаў улады будзе з тым самым імпэтам ненавідзець новую ўладу, якія б прынцыпы тая ні адстойвала і як бы ні клапацілася пра народ.
Будуць ненавідзець яе проста за тое, што «мы» — унізе, а «тыя» — наверсе. Гэтым, дарэчы, тлумачыцца і той дзіўны для многіх фэномэн, калі значная частка беларусаў гадамі адначасова ненавідзела і ўладу, і апазыцыю, гаворачы, што «яны там усе заадно». Ненавідзела не за прынцыпы ці дзеяньні, а за знаходжаньне недзе там, «зьверху» (у іх разуменьні). За «гранты», паездкі, фуршэты. І за кубачак за 20 даляраў.
Антынамэнклятурны, антыэлітарны рэсурс выкарыстоўваюць палітыкі ва ўсіх краінах — нават мільярдэр Трамп імкнецца прадставіць сябе абаронцам волі «простага» народу, «супраць вашынгтонскіх бюракратаў». Тым болей у Беларусі, дзе да ўлады ў 1994-м годзе прыйшоў чалавек пад лёзунгам «ня з правымі, ня зь левымі, а з народам», але цяпер валодае дзясяткамі рэзыдэнцыяў, дарагімі аўтамабілямі, пэрсанальным самалётам і штатам аховы, якога ня мае ніводзін кіраўнік у дэмакратычнай краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў самы цяжкі зварот, бо ў такія часы знайсьці словы вельмі складана». Расказваем падрабязнасьці пра навагодні зварот ЦіханоўскайПамятаю, адразу пасьля выбараў (і пазьней) Зянон Пазьняк канстатаваў, што Лукашэнка перахапіў антынамэнклятурную рыторыку БНФ (бо пайшоў у ёй далей, дадам я ад сябе), выкарыстаў яе дасягненьні і скраў у Фронту значную частку электарату на гэтай рыторыцы.
Урэшце, людзі, якія нікому не давяраюць і ні ў што ня вераць, ёсьць у любым грамадзтве. Робэрт Кэнэдзі, брат прэзыдэнта ЗША, некалі зазначыў: «About one-fifth of the people are against everything all of the time» («каля пятай часткі ўсіх людзей заўсёды супраць усяго»). А многія зьдзіўляюцца, адкуль нават у дэмакратычных разьвітых краінах свае працэнты набіраюць цалкам нэгатывісцкія палітычныя сілы, якія ня маюць ніякай станоўчай праграмы і жывуць толькі крытыкай уладаў і «эліты». Вось адтуль.
Што ўжо казаць пра Беларусь, дзе фраза «яны ўсе рохкаюць каля карыта» зьяўляецца ледзь не галоўнай заяўкай на афіцыйную нацыянальную ідэю. Настолькі прывабнай, што яе падхопліваюць і некаторыя антыўладныя палітыкі. Кажы, што і Лукашэнка, і Ціханоўская аднолькава вінаватыя; кажы, што ўсе апазыцыйныя палітыкі прадаліся (альбо Расеі, альбо рэжыму); кажы, што Захад і Расея аб’ядналіся і разам змагаюцца супраць незалежнасьці Беларусі (глупства і алягізм, але ж разьлічана на публіку, у якой лёгіка не самая паважаная штука); кажы, што ў Беларусі няма добрых саюзьнікаў і ніхто нам ня хоча дапамагаць, і свой электарат, свая ўдзячная публіка ў цябе будзе.
Расейская і беларуская прапаганда не спрабуе даказваць, што пры ўладзе выключна сумленныя і бездакорныя людзі. Не, адна з прапагандысцкіх стратэгіяў лукашэнкаўскай і крамлёўскай машыны — сеяць сярод людзей перакананьне, што ўлада, вядома, не ідэальная, але, па-першае, «паўсюль тое самае», «ня мы такія, увесь сьвет такі»; а па-другое, «паглядзіце на гэтую апазыцыю, хрэн на рэдзьку няма сэнсу мяняць». «Паглядзіце, якія ў іх машыны, паглядзіце, у што яны апранутыя, паглядзіце, дзе яны правялі свой адпачынак». Гадамі ў розных апалітычных кампаніях я сустракаў гэтыя абвінавачваньні ў бок дэмакратычных сілаў і папрокі ў стылі «Ну чаму ж апазыцыя дагэтуль не скінула Лукашэнку?».
Такая грамадзкая атмасфэра, натуральна, дае свой пэўны плён у краіне, дзе значная частка насельніцтва мае даходы, якіх ледзь хапае толькі на «ежу і адзежу». Дзе расчараваньне і фрустрацыя ад адсутнасьці перамог зьбірае свой ураджай і часам не знаходзіць ніякага пазытыўнага выйсьця. Дзе замест пытаньня, што і як рабіць, масава абмяркоўваецца пытаньне «А колькі каштуе яе кубак?».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.