Прэзыдэнт Сэрбіі: міратворцы NATO адхілілі просьбу Бялграду аб вяртаньні сэрбскіх сіл бясьпекі ў Косава

Аляксандар Вучыч

У сярэдзіне сьнежня ўлады Сэрбіі накіравалі ў офіс місіі NATO ў Косаве (KFOR) запыт аб вяртаньні ў Косава да 1000 вайскоўцаў сэрбскай арміі і паліцыі.

У інтэрвію тэлеканалу Pink 8 студзеня прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў, што ў сваім адказе KFOR заявіў, што ў вяртаньні сэрбскіх сілаў няма неабходнасьці, піша Балканская служба Радыё Свабода.

«KFOR адказала нам, што няма неабходнасьці вяртаць нашы сілы на поўнач Косава і Мэтохіі, як мы чакалі, хоць у адпаведнасьці з рэзалюцыяй 1244 Рады Бясьпекі ААН яны ня маюць права адхіліць наш запыт».

Прэзыдэнт Сэрбіі таксама заявіў, што застаецца адкрытым пытаньне, ці зьвернецца афіцыйны Бялград у ААН і папросіць адмысловага пасяджэньня Рады Бясьпекі. Ён мяркуе, што калі б гэта было зроблена, Сэрбію падтрымала б Расея, але вынікам усё роўна будзе пацьверджаньне рашэньня KFOR.

Вучыч адзначыў, што афіцыйны Бялград будзе сачыць за сытуацыяй, за выпадкамі, калі, як ён заявіў, KFOR не абараняе сэрбаў у Косаве. У якасьці прыкладу ён прывёў раненьне 11-гадовага і 21-гадовага сэрбаў 6 студзеня ў муніцыпалітэце Штрпцэ ў Косаве, дзе пражывае большасьць сэрбскага насельніцтва. Улады Косава тады асудзілі інцыдэнт і заявілі, што ў той жа дзень яны арыштавалі члена сіл бясьпекі Косава. Афіцыйныя асобы Сэрбіі, а таксама прадстаўнікі заходніх міжнародных інстытутаў асудзілі здарэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На поўнач Косава ўведзены паліцэйскі спэцназ. Сэрбы перакрылі дарогі

Вучыч паўтарыў, што на тыдні ў Бялградзе сустрэнецца з дарадцам Дзяржаўнага дэпартамэнту Дэрэкам Шоле. Ён таксама сказаў, што ЗША шчыра падтрымліваюць незалежнасьць Косава, але з амэрыканцамі, па яго словах, можна размаўляць.

«Яны спрабуюць зразумець нашу пазыцыю, пазыцыю сэрбаў у Косаве. Я не кажу, што ён (амбасадар ЗША ў Сэрбіі Крыстафэр Гіл) той, хто зьменіць сваю пазыцыю, але ён чуе і слухае тое, што мы гаворым, у адрозьненьне ад многіх. Тое самае і ў выпадку з Шоле, адмысловым пасланьнікам ЗША на Заходніх Балканах Габрыэлем Эскабарам», — сказаў Вучыч.

Улады Сэрбіі накіравалі запыт на вяртаньне ў Косава супрацоўнікаў сваіх сіл бясьпекі ў адказ на, як яны сьцьвярджаюць, узмацненьне прысутнасьці косаўскай паліцыі на поўначы часткова прызнанай дзяржавы.

Запыт накіравалі яшчэ ў тыя дні, калі на поўначы Косава, якое абвясьціла незалежнасьць у 2008 годзе і якую афіцыйны Бялград адмаўляецца прызнаваць, узмацнілася напружанасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна на поўначы Косава: прэзыдэнт і прэм’ер Сэрбіі тэрмінова сустрэліся з генэралам сэрбскай арміі

Дваццаць дзён запар у сьнежні 2022 году ў чатырох паўночных муніцыпалітэтах, дзе пражывае большасьць сэрбскага насельніцтва, ставіліся барыкады на дарогах, якія вядуць да памежных пунктаў Косава і Сэрбіі. Да мяжы таксама прыяжджалі сэрбскія ультраправыя, якія патрабавалі ліквідацыі памежных пунктаў і паўнавартаснага вяртаньня Косава ў склад Сэрбіі. Іх адцясьніла паліцыя.

Барыкады пабудавалі на знак пратэсту супраць арышту былога афіцэра косаўскай паліцыі з сэрбскай меншасьці, які, па вэрсіі косаўскіх уладаў, падазраецца ў арганізацыі нападу на офісы Цэнтрвыбаркаму на поўначы краіны.

У канцы 2022 году сэрбы пагадзіліся разабраць барыкады. Гэта адбылося пасьля таго, як Дэяну Панцічу зьмянілі ўтрыманьне пад вартай на хатні арышт.

Раней сэрбы пакінулі інстытуцыі Косава, у тым ліку паліцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Гаазе прысудзіў экс-камандзіру арміі Косава 26 гадоў турмы за катаваньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра канфлікт Сэрбіі з Косавам? Тлумачым