Паліцыя Нямеччыны ў нядзелю паведаміла аб затрыманьні жыхара зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія ў справе аб падрыхтоўцы маштабнага тэракту.
На думку праваахоўных органаў, ён плянаваў масавае атручэньне з прымяненьнем ядаў — цыяніду і рыцына. Рыцын уваходзіць у разрад зброі масавай паражэньня.
Асоба падазраванага не раскрываецца. Вядома, што яму 32 гады. Ён грамадзянін Ірана, які жыў у маленькім горадзе на захадзе Нямеччыны і належаў да радыкальных плыняў ісламу.
Паліцыя, апроч абвінавачанага, затрымала яшчэ аднаго чалавека. Падчас візыту паліцыянтаў ён знаходзіўся ў кватэры разам з іранцам.
Па зьвестках газэты Bild, Фэдэральнае ведамства па крымінальных справах трымала падазраванага ў поле зроку на працягу некалькіх дзён. Інфармацыя аб падрыхтоўцы тэракту паступіла ад «дружалюбнай спэцслужбы».
- Як паведамляе Deutsche Welle, чатыры гады таму паліцыя Нямеччыны затрымала ў Кёльне грамадзяніна Туніса і яго нямецкую жонку, якія самастойна вырабілі рыцын у сваёй кватэры і ўчынілі тэставы выбух.
- Пара трапіла ў поле зроку спэцслужбы з прычыны пакупкі ў інтэрнэце буйной партыі насеньня клешчавіны, што выклікала падазрэньне. Мужа і жонку прыгаварылі да працяглых тэрмінаў пазбаўленьня волі. Экспэрты высьветлілі, што выраблены імі рыцын мог забіць 13,5 тысячы чалавек.
-
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыцын, маршал Конеў і трэція сілы. Чаму ў Чэхіі лічаць, што «расейскі агент» мог рыхтаваць атручваньне праскіх чыноўнікаў