Дэманстранты заблякіравалі дарогу да расейскай ваеннай базы, выступіўшы пад дэвізам «Блякада ў імя разблякіраваньня». Яны патрабуюць, каб расейскі кантынгент аднавіў рух па Лачынскім калідоры ў самаабвешчаным Нагорным Карабаху (армянская назва — Арцах).
У выпадку, калі расейскія міратворцы ня будуць рабіць актыўных дзеяньняў, дэманстранты гатовы аб’явіць іх «акупантамі». «Мы пакажам усяму сьвету, што Армэнія, уключаючы Арцах, была акупаваная расейскімі войскамі ў асобе 102-й базы», — заявіў член савета «Нацыянальнага дэмакратычнага полюса» Вазэ Гаспаран.
Лачынскі калідор — адзіная дарога, якая злучае Нагорны Карабах з Армэніяй. Па ўмовах дамовы, падпісанай пасьля заканчэньня вайны паміж Армэніяй і Азэрбайджанам у 2020 годзе, Лачынскі раён перайшоў пад кантроль Баку, а калідор перайшоў пад назіраньне расейскіх міратворцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сутычкі на мяжы Азэрбайджану і Армэніі. Ерэван зьвярнуўся па дапамогу да Расеі, АДКБ і ААНУ сярэдзіне сьнежня дарогу заблякавалі азэрбайджанскія актывісты. Паводле зьвестак азэрбайджанскага боку, гэта эколягі, якія выступаюць супраць незаконнай, на іх думку, здабычы армянскімі ўладамі прыродных рэсурсаў тэрыторыі Нагорнага Карабаха.
- Ерэван сьцьвярджае, што пасьля перакрыцьця дарогі ў Лачынскім калідоры ў Нагорным Карабаху спыніліся пастаўкі прадуктаў і жыцьцёва важных тавараў, рэгіён блізкі да гуманітарнага крызісу. Кіраўнік урада Армэніі Нікол Пашыньян выступіў з заявай, у якой абвінаваціў расейскіх міратворцаў у бязьдзейнасьці.
- МЗС Азэрбайджану раней заяўляў, што Ерэван наўмысна ўводзіць у зман міжнародных партнэраў для прадаўжэньня незаконнай дзейнасьці на тэрыторыі Азэрбайджану.
- Міжнародная супольнасьць прызнае Нагорны Карабах сувэрэннай тэрыторыяй Азэрбайджану, аднак з пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку рэгіёна.
- Па выніках кароткатэрміновай вайны восеньню 2020 года Азэрбайджан і Армэнія пры пасрэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў. Па дамове, якая выклікала пратэсты апазыцыі ў Ерэване, Баку вярнуў сабе пад кантроль значную частку тэрыторый Нагорнага Карабаха, занятых армянскімі войскамі ў пачатку 1990-х гадоў. У рэгіёне разьмешчаныя расейскія міратворчыя сілы.
- Па ўмовах дамовы, Лачынскі раён перайшоў пад кантроль Баку, а калідор перайшоў пад назіраньне расейскіх міратворцаў.