Улады Ўкраіны паведамілі аб расейскіх атаках — нягледзячы на «перамір’е»

Бахмут. Ілюстрацыйная выява

У кіраўніцтве Ўкраіны паведамляюць аб новых атаках расейскіх вайскоўцаў у суботу, нягледзячы на абвешчанае прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным аднабаковае спыненьне агню ў сувязі з праваслаўным Калядамі.

Кіраўнік ваеннай адміністрацыі Данецкай вобласьці Павел Кірыленка, у прыватнасьці, прывёў зьвесткі, што расейскія войскі на працягу сутак абстралялі ў рэгіёне шэраг населеных пунктаў. Адзін чалавек, паводле зьвестак Кірыленкі, быў паранены пры абстрэле горада Курахава, дзе пашкоджаны два жылыя шматпавярхоўкі і будынак бальніцы. Двое грамадзянскіх былі забітыя ў Бахмуце і Чырвонай Гары. Там паранены пяць чалавек, пашкоджаны пяць прыватных дамоў, дадаў Кірыленка. Ягоныя словы прыводзіць у паведамленьні Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай таксама сьцьвярджае, што расейскія войскі не спынялі атакі. «Як былі абстрэлы, так яны і застаюцца, як былі спробы атакаваць нашы пазыцыі — так яны і застаюцца», — сказаў Гайдай у эфіры Данбас.Рэаліі.

Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў увесьці з поўдня 6 студзеня рэжым спыненьня агню на 36 гадзін. Ён абгрунтаваў рашэньне просьбай патрыярха РПЦ Кірыла аб так званым калядным перамірʼі. Кіеў адмовіўся падтрымаць ініцыятыву, назваўшы яе крывадушнасьцю. Захад таксама скептычна паставіўся да расейскай ідэі. У прыватнасьці, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выказаў меркаваньне, што Пуцін «спрабуе атрымаць перадышку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маскоўскія агрэсары выдаюць сябе за хрысьціянаў, а паводзяцца як сатаністы». Віншаваньне ад архіяпіскапа, які адлучыў Лукашэнку ад Царквы