Як выглядае вайсковы лягер на палігоне, які наведаў Лукашэнка. Спадарожнікавыя здымкі

На вайсковым палігоне Обуз-Лясноўскі пад Баранавічамі, дзе Лукашэнка сёньня назіраў за падрыхтоўкай расейска-беларускай групоўкі войскаў, відаць больш вайсковай тэхнікі. З дапамогай сэрвісу Planet Labs Свабода паказвае, як выглядае гэты палігон са спадарожніка.

Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў вайсковы палігон Обуз-Лясноўскі пад Баранавічамі. Згодна з афіцыйнымі крыніцамі, там праходзіць падрыхтоўку расейска-беларуская групоўка войскаў.

«Злучэньні Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі сумесна з падразьдзяленьнямі Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь на палігонах Рэспублікі Беларусь правялі вучэньні, камандна-штабныя трэніроўкі ў рамках правядзеньня трэнінгу саюзных сіл», — далажыў Лукашэнку неназваны прадстаўнік расейскіх Узброеных сіл.

Паводле яго, адбыліся сумесныя вучэньні мотастралковых і танкавых падразьдзяленьняў, спэцыяльных войскаў і СПА. Таксама прадстаўнік Узброеных сіл Расеі заявіў, што на гэтым этапе расейскія падразьдзяленьні гатовыя да «выкананьня задач па прызначэньні».

«Робім агульную справу», — заявіў Лукашэнка, заслухаўшы даклад расейскага афіцэра аб завяршэньні баявога зладжваньня частак расейска-беларускай групоўкі войскаў.

У другой палове кастрычніка на асноўныя беларускія палігоны пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі. Адначасова з гэтым назіраецца перадысьлякаваньне і ратацыя беларускіх вайскоўцаў у розных частках краіны. Афіцыйныя крыніцы не даюць пры гэтым поўнай карціны таго, што адбываецца.

Свабода з дапамогай спадарожнікавага сэрвісу Planet Labs адсочвае сытуацыю.

На палігоне Обуз-Лясноўскі — адзін з самых вялікіх вайсковых лягераў сумеснай расейска-беларускай групоўкі. Мы адсочвалі стан гэтага і астатніх беларускіх палігонаў у лістападзе мінулага году.

Частка вайсковага палігону Обуз-Лясноўскі з разьмешчаным на ім намётавым лягерам і стаянкамі тэхнікі. 1 студзеня 2023 году

На здымках за 1 студзеня 2023 году, яшчэ перад візытам Лукашэнкі, відаць вялікі намётавы лягер, некалькі стаянак для тэхнікі. Разьмешчана гэта ўсё на плошчы ня менш як 260 тысяч квадратных мэтраў — гэта прыкладна як 36 футбольных палёў.

На здымку за 2 сьнежня 2022 году можам разгледзець больш дэталёва сам палявы лягер, а таксама стаянкі для тэхнікі.

Частка вайсковага палігону Обуз-Лясноўскі з разьмешчаным на ім намётавым лягерам і стаянкамі тэхнікі. 2 сьнежня 2022 году

Вайсковыя намёты знутры. Фота прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. 6 студзеня 2022 году.

Зьнешне і тэрытарыяльна лягер значна не зьмяніўся зь лістапада 2022 году. Па-ранейшаму дзейнічае палявы вайсковы шпіталь, а таксама навучальны цэнтар.

Па здымках заўважна, як паступова зьяўляецца ўсё больш вайсковай тэхнікі і месцаў стаянкі для яе.

Расейская вайсковая тэхніка на стаянках на палігоне «Обуз-Лясноўскі». Фота Міністэрства абароны Беларусі. 6 студзеня 2023 году

Расейская вайсковая тэхніка на стаянках на палігоне «Обуз-Лясноўскі». Фота Міністэрства абароны Беларусі. 6 студзеня 2023 году

Паведамленьні пра актыўнае прыбыцьцё расейскіх вайскоўцаў у Беларусь зьявіліся ў сярэдзіне кастрычніка. 10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў «у сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах „саюзнай дзяржавы“». Таксама ён чарговы раз паўтарыў, што Ўкраіна плянуе нанясеньне ўдараў па тэрыторыі Беларусі — пра гэта Менск нібыта папярэдзілі «празь неафіцыйныя каналы».

Адна з частак намётавага лягера, які паказалі сёньня Аляксандру Лукашэнку на палігоне «Обуз-Лясноўскі». Фота Міністэрства абароны Беларусі. 6 студзеня 2023 году

Як паведаміў на брыфінгу 29 сьнежня намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў, імавернасьць новага наступу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі пакуль усё яшчэ застаецца невысокай.

«Вораг працягвае павышаць свой узровень падрыхтоўкі, праводзячы вучэньні на беларускіх палігонах, дзе цяпер налічваецца да 11 тысяч асабовага складу і больш за 400 адзінак вайсковай тэхнікі», — сказаў Аляксей Громаў.

Паводле яго зьвестак, колькасьць расейскай групоўкі, разгорнутай у Беларусі, Бранскай і Курскай абласьцях, удвая меншая, чым у лютым 2022 году: 22 тысячы чалавек супраць 45,5 тысячы тых, хто наступаў на Кіеў у лютым.

«Нават у выпадку прыцягненьня ўсіх баявых беларускіх часьцей са складу сухапутных войскаў і сіл спэцыяльных апэрацый сумесная групоўка войскаў агрэсара будзе налічваць каля 30 тысяч чалавек, што ўсё роўна менш за тое, колькі брала ўдзел у поўнамаштабным уварваньні», — патлумачыў Громаў.

Таксама ён заявіў, што зь Беларусі вывезеныя ўсе запасы боепрыпасаў для артылерыйскіх сыстэм і РСЗА, якія былі створаныя ў інтарэсах РФ перад нападам на Ўкраіну.

Пры гэтым, паводле зьвестак Аляксея Громава, Расея пашырае кантроль над вайсковымі аэрадромамі ў Беларусі.

Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.

Наш тэлеграм-бот @SvabodaBelarus_bot

Наш нумар у Signal +380502605369