Гэта вынікае са слоў афіцыйных прадстаўнікоў Белага дому і Дзярждэпартамэнту, а таксама неафіцыйных камэнтароў амэрыканскіх чыноўнікаў для СМІ.
Гуайдо, будучы кіраўніком Нацыянальнай асамблеі, абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам у студзені 2019 году на фоне масавых пратэстаў супраць несумленных, як лічыць апазыцыя, выбараў прэзыдэнта, пераможцам на якіх быў абвешчаны Нікалас Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абвясьціла сябе абранай прэзыдэнткай. Ці прызнаюць гэта ў сьвеце? Дыскусія аналітыкаўАдміністрацыя ранейшага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа афіцыйна прызнала Гуайдо часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы і заявіла аб нелегітымнасьці ўраду Мадура, які ажыцьцяўляў фактычны кантроль над краінай.
На такі ж крок пайшоў і шэраг краін — саюзьніц ЗША, у той час як Кітай, Расея і большасьць краін, якія разьвіваюцца, па-ранейшаму прызнавалі легітымным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс, размовы пра дыялёг, патрабаваньне кампэнсацый ад Эўропы за мінулае — ня толькі ў Беларусі. Што адбываецца ў ВэнэсуэлеАпазыцыя ня здолела дамагчыся адстаўкі Мадура, аднак ЗША доўгі час працягвалі лічыць Гуайдо легітымным лідэрам Вэнэсуэлы — што цягнула за сабой, апроч іншага, і яго магчымасьць распараджацца дзяржаўнымі сродкамі, якія знаходзіліся ў юрысдыкцыі ЗША. Аднак у канцы мінулага году Нацыянальная асамблея (яна распушчаная рэжымам Мадура, і большасьць яе чальцоў цяпер на эміграцыі) прагаласавала за адстаўку Гуайдо з пасады старшыні. Гэта адбылося на фоне перамоваў прадстаўнікоў апазыцыі і ўладаў Вэнэсуэлы.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту паведаміў выданьню Axios у сераду, што ЗША больш ня лічаць Гуайдо часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, але пры гэтым надалей прызнаюць легітымнасьць Нацыянальнай асамблеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі ўладаў і апазыцыі Вэнэсуэлы адновяць перамовы ў Мэксыцы. Пра што ўжо дамовіліся?Афіцыйныя прадстаўнікі Белага дому Джон Кірбі і Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс ухіліліся ад адназначнага адказу на пытаньне пра статус Гуайдо, заявіўшы, што будуць працягваць падтрымліваць сувязі зь ім і зь яго аднадумцамі. Аднак і зь іх адказаў можна зрабіць выснову, што, прызнаючы Нацыянальную асамблею, Вашынгтон больш не разглядае асабіста Гуайдо як лідэра краіны.
У лістападзе мінулага году ўлады і апазыцыя Вэнэсуэлы дамовіліся аб супрацоўніцтве ў забесьпячэньні гуманітарнай дапамогі для краіны. Пагадненьне, дасягнутае на перамовах у Мэксыцы, прадугледжвае размарозку часткі валютных рэзэрваў краіны ў замежных банках, якія былі замарожаныя некалькі гадоў таму, калі шэраг дзяржаваў Захаду, уключаючы ЗША, адмовіліся прызнаваць легітымнасьць Мадура.
Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле
- 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.
Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам
- Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
- Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
- 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура.
- 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
- У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
- 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
- Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
- Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
- У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
- У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.
Падрабязьней >>>