Суд над нобэлеўскім ляўрэатам. Чаму праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч у клетцы і ў кайданках

Рэжым хоча зьнішчыць праваабарончы рух як інстытут. Таму праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў.

Сьцісла:

  • Выпадкаў у гісторыі, калі б Нобэлеўскай прэміяй міру ўганароўвалі асобу, якая знаходзіцца за кратамі, было няшмат.
  • Суд над вядомымі праваабаронцамі ўлады зрабілі паказальным, дэманстратыўным.
  • Вынішчэньне самой ідэі салідарнасьці, структур, якія яе ўвасабляюць, — важная задача рэжыму.
  • Суд над нобэлеўскім ляўрэатам прыцягнуў увагу міжнароднай супольнасьці да палітычных рэпрэсій у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Яны не прызналі віны. ФОТА, ВІДЭА

У Менску распачаўся гучны судовы працэс. Грамадзкая, мэдыйная ўвага да яго прыцягнута тым, што судзяць вядомых у краіне асобаў. Гэта ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру гэтага году, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. Таксама судзяць завочна Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой.

Калі казаць проста, іх абвінавачваюць у тым, што яны фінансава падтрымлівалі палітвязьняў, — напрыклад, дапамагалі сплачваць штрафы.

Нобэлеўская прэмія міру прысуджаецца з 1901 году. Выпадкаў у гісторыі, каб ёй уганароўвалі асобу, якая знаходзіцца за кратамі, было няшмат. У 1935 годзе яе прысудзілі нямецкаму журналісту Карлу фон Асецкі, які сядзеў у фашысцкай турме. Дарэчы, пасьля гэтага гітлераўцы былі вымушаны вызваліць журналіста, хоць і пад нагляд спэцслужбаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзіла Някляева, быў абвінаваўцам у справе «Рэгнума». Што вядома пра судзьдзю і пракурора ў працэсе нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага

Кітайскага дысыдэнта Лю Сяобо ўзнагародзілі ў 2010 годзе, калі ён быў у турме, а на волю ён выйшаў у 2017 годзе, перад самай сьмерцю.

Быў яшчэ выпадак зь лідэрам апазыцыі Бірмы (М’янмы) Аўнг Сан Су Чы. У 1991 годзе ёй прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру, калі яна была пад хатнім арыштам. А вызвалілася толькі ў 2010 годзе.

І беларус Алесь Бяляцкі цяпер у гэтым жа драматычным шэрагу.

Суд над вядомымі праваабаронцамі ўлады зрабілі паказальным, дэманстратыўным. Ён фармальна адкрыты (хоць замежных дыпляматаў не пусьцілі ў залю), адрозна ад іншых падобных працэсаў. Яго актыўна асьвятляюць дзяржаўныя мэдыя. Пры падрыхтоўцы «справы» правялі 120 ператрусаў і сабралі 300 тамоў матэрыялаў. Такім жа паказальным быў і суд над «тэрарыстычнай групай» Мікалая Аўтуховіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «60-гадовы нобэлеўскі ляўрэат у клетцы ў кайданках». Як сусьветныя СМІ пішуць пра «суд» над Бяляцкім і паплечнікамі

То бок праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў. Ва ўсялякім разе, улады імкнуцца стварыць ім такі імідж. Таму і кайданкі ў клетцы не здымаюць.

Суд па справе Міколы Аўтуховіча

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 год зьняволеньня. Агучылі выракі ў «справе Аўтуховіча». Гэта найвялікшыя палітычна матываваныя прысуды ў сувэрэннай гісторыі Беларусі

Рэжым хоча зьнішчыць праваабарончы рух як інстытут. Бо абаронцы правоў чалавека — ня толькі скрупулёзныя хранікёры палітычнага перасьледу, якія фіксуюць факты, падзеі, чыноўнікаў, засьвечаных у рэпрэсіях, лічаць ахвяраў. Яны яшчэ ўвасабляюць грамадзянскую салідарнасьць, дэманструюць, што палітвязьні не застаюцца па-за ўвагай, пра іх ведаюць, іх падтрымліваюць, часткова нават фінансава. Вынішчэньне самой ідэі салідарнасьці, структур, якія яе ўвасабляюць, — важная задача рэжыму. Таму, напрыклад, праваабаронцы той жа «Вясны» Марфе Рабковай 6 верасьня 2022 году прысудзілі 15 гадоў калёніі. Падсудным на гэтым працэсе пагражае да 12 гадоў калёніі. Такія тэрміны даюць за тэрарызм.

Алесь Бяляцкі за кратамі ў судзе. Менск, 5 студзеня 2023

Суд над нобэлеўскім ляўрэатам прыцягнуў увагу міжнароднай супольнасьці да палітычных рэпрэсій у Беларусі. Ахвярнасьць Алеся Бяляцкага і ягоных паплечнікаў дапамагла вярнуць тэму беларускай дыктатуры (хоць на кароткі час) у топы сусьветных СМІ. На галоўных старонках вядучых мэдыя — фатаздымкі з судовай залі. З гэтай нагоды генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш канстатаваў «вельмі трывожнае разьвіцьцё падзей і яшчэ адзін прыклад звужэньня прасторы, якую мы назіраем у многіх краінах для праваабаронцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падсудны ў «справе „Вясны“» Салаўёў: «Нават у Кітаі, у М’янме нобэлеўскія ляўрэаты выходзілі на волю»

У пэўным сэнсе гэты суд над нобэлеўскім ляўрэатам ставіць беларускі палітычны рэжым у няёмкае становішча. Прыцягваецца дадатковая ўвага сусьветнай супольнасьці да палітвязьняў у Беларусі. Але і вызваляць «вясноўцаў» ня вельмі выпадае: а раптам падумаюць, што Лукашэнка спужаўся маральнага ціску сусьветнай супольнасьці.

А зь іншага боку, Лукашэнка займеў вельмі важнага палітзьняволенага. Для яго гэта каштоўны тавар, за які можна патрабаваць ад Захаду вялікі выкуп.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За 20 гадоў маёй працы такога не было ні разу». Адвакаты пра тое, чаму зь Бяляцкага не зьнялі кайданкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратамі

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.