Такія дадзеныя праваабаронцы прыводзяць у спэцыяльнай выніковай справаздачы.
Удакладняецца, што 942 «палітычныя» прысуды вынесьлі мужчынам, 300 — жанчынам.
Сумарны тэрмін зьняволеньня па крымінальных справах склаў 2501 год і 3 месяцы. На пазбаўленьне волі асудзілі 636 чалавек.
452 гады і 2 месяцы — сукупнае абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (такі від пакараньня прысудзілі 190 асуджаным).
893 гады і 6 месяцаў — агульнае абмежаваньне волі без накіраваньня ў у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (373 чалавекі).
24 асобам прызначылі арышт (разам 5 гадоў і 7 месяцаў), аднаго чалавека прыгаварылі да 6 месяцаў пазбаўленьня волі ўмоўна.
Для 12 фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў прысуд зьвёўся да штрафу. Агульная сума — 2380 базавых велічынь (на той час — 76 тысяч 160 рублёў). Штрафы ў якасьці дадатковага пакараньня атрымалі 144 чалавекі (агульная сума — 38 010 базавых велічынь, або каля 1 мільёна 216 тысяч 320 рублёў).
Шасьці асуджаным прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары, дзевяці — «прымусовае лячэньне нароўні зь іншымі відамі пакараньня».
Чатыром рэпрэсаваным разам з пазбаўленьнем волі забаранілі (сумарна на 20 гадоў) займаць пасады, «зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў». Аднаму (на пяць гадоў) — пасады, «зьвязаныя з праходжаньнем службы ў праваахоўных органах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ганебнае інсцэнаваньне правасудзьдзя», «акт абуральнай несправядлівасьці», — міжнародныя праваабарончыя арганізацыі пра суд у МенскуДвух чалавек, акрамя атрыманага тэрміну зьняволеньня, пазбавілі воінскіх званьняў (падпалкоўніка і старшага прапаршчыка ў адстаўцы).
Як зазначаецца ў справаздачы «Вясны», летась пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, прымянялася ў 51,21% выпадкаў. Абмежаваньне свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу выкарыстоўвалася ў 15,3% выпадкаў, без накіраваньня — у 30,03%.
«Такім чынам, у 2022 годзе пакараньне па палітычна матываваных крымінальных справах, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, яе абмежаваньнем, у выглядзе арышту і прымусовых мер стацыянарнага характару суды прымянялі ў 98,95% выпадкаў асуджэньня фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў», — канстатуюць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзіла Някляева, быў абвінаваўцам у справе «Рэгнума». Што вядома пра судзьдзю і пракурора ў працэсе нобэлеўскага ляўрэата БяляцкагаПа іх падліках, самымі «папулярнымі» артыкуламі Крымінальнага кодэксу пры палітычным перасьледзе грамадзян летась сталі арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) — асуджана 379 чалавек, арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — асуджана 179, арт. 368 (абраза прэзыдэнта) — асуджана 86. Нароўні зь іншымі артыкуламі ў абвінавачаньні арт. 368 прымяняўся ў дачыненьні да 144 чалавек, арт. 342 — да 125.
Больш за ўсё «палітычных» прысудаў па крымінальных справах вынесьлі ў Менску (542). Па рэгіёнах лідзіруюць Берасьцейская і Гомельская вобласьці (па 166). Далей ідуць Горадзенская вобласьць (135), Менская (100), Магілёўская (68) і Віцебская (65).
Найчасьцей палітычна матываваныя рашэньні выносілі менскія судзьдзі: Тацяна Шоцік (асудзіла 20 чалавек), Сяргей Кацэр (19), Юлія Шут (17), Анастасія Ачалава (15), Сяргей Хрыпач (15), Дзьмітрый Карсюк (15).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінімум 6380 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага перасьледу беларусаў у 2022 годзе