Сьцісла:
- Назіраем перадумовы для далейшай стагнацыі альбо нават працягу падзеньня, рэцэсіі.
- Спрыяльная цэнавая каньюнктура, якая складался ў другой палове 2022-га, з канца лістапада пачала пагаршацца.
- Будуць напампоўваць дзяржаўныя прадпрыемствы грашыма, каб тыя пашыралі інвэстыцыі.
- Існуе вельмі вялікая імавернасьць зьмены дынамікі курсу расейскага рубля і прывязанага да яго беларускага.
— Афіцыйныя прагнозы беларускага ўраду ўжо на працягу шэрагу гадоў маюць стабільную традыцыю ня спраўджвацца. Якія лічбы яны прапануюць сёлета, і ці зноў гэтыя прагнозы, на вашую думку, будуць далёкімі ад рэальнасьці?
— Сапраўды, афіцыйныя прагнозы за апошнія 10 гадоў спраўдзіліся больш-менш толькі двойчы — у 2018 і 2021 гадах. Усе астатнія гады эканамічная рэальнасьць была значна горшая і больш пэсымістычная.
На 2023 год урад плянуе рост ВУП 3,8 працэнта. І тут варта адзначыць, што, нават калі гэты прагноз спраўдзіцца, гэта ня будзе азначаць вяртаньня да ўзроўню канца 2021 году. То бок у самым аптымістычным урадавым сцэнары адбудзецца толькі частковая кампэнсацыя тых стратаў, якія эканоміка панесла ў 2022 годзе.
Аднак напраўду мы назіраем больш перадумоваў для далейшай стагнацыі альбо нават працягу падзеньня, рэцэсіі. Тут найбольш важны чыньнік — экспарт. Ва ўмовах санкцыяў ён стаў вельмі нестабільным. Тое, што ў другой палове 2022 году ўладам атрымалася яго павялічыць, зусім не азначае, што тая ж тэндэнцыя працягнецца і сёлета. Тая спрыяльная цэнавая каньюнктура, якая склалася ў другой палове 2022-га, з канца лістапада пачала пагаршацца, і ёсьць прыкметы на сусьветных рынках, што гэтае пагаршэньне працягнецца.
І гэта дае падставы думаць, што як мінімум будзе назірацца стагнацыя, нулявы рост эканомікі. Аднак беларускі ўрад гаворыць, што будзе намагацца пераламаць гэты трэнд за кошт унутранага попыту. Стымуляваньня ўнутранага попыту фактычна не было з 2014 году.
— Іншымі словамі, урад будзе імкнуцца актыўна падвышаць даходы грамадзянаў? За кошт чаго?
— Што тычыцца даходаў, то тут хутчэй задача хаця б захаваць іх на цяперашнім узроўні. Галоўны інструмэнт стымуляваньня попыту — гэта ўнутраныя інвэстыцыі. Будуць напампоўваць дзяржаўныя прадпрыемствы грашыма, каб тыя пашыралі інвэстыцыі. Дырэктыўна будуць даводзіць пэўныя лічбы ў інвэстыцыях, і гэта павінна стаць галоўным чыньнікам росту ўнутранага попыту.
— Падчас аднаго зь нядаўніх форумаў вы заявілі, што Менск можа дасягнуць нейкай дамовы з Захадам наконт санкцыяў. Што вы маеце на ўвазе?
— Гэта ня сьцьвярджэньне, а хутчэй роздум уголас. На гэты момант Захад найперш непакоіць пытаньне бясьпекі (ці ўступіць Беларусь непасрэдна сваім войскам у вайну супраць Украіны), і ў гэтым аспэкце эканамічныя пытаньні могуць разглядацца як пэўны інструмэнт. Наколькі мне здаецца, і сам Менск не жадае далучацца да вайны і будзе шукаць шляхі гэтага пазьбегнуць. Ды і з боку Ўкраіны, калі будзе дакладнае разуменьне, што Менск ня хоча ўступаць у вайну, будзе жаданьне даць Менску нейкія пернікі.
— Увесну, калі адразу пасьля пачатку вайны былі ўведзеныя санкцыі супраць Беларусі, падзеньне беларускай эканомікі ў першыя месяцы было даволі радыкальным. Таму незалежныя эканамісты, адпаведна, і давалі даволі рэзкія прагнозы наконт падзеньня па выніках году, называліся лічбы 10 і болей працэнтаў. Але ВУП па выніках 2022 году ўпаў толькі на 4,5-5 працэнтаў. Як уладам удалося зьмякчыць гэта падзеньне?
— Тут некалькі прычынаў. Удалося стабілізаваць экспарт і нават трошкі павялічыць яго ў параўнаньні зь вясной. Часткова гэта зьвязана з нафтапрадуктамі, часткова — са спрыяльнымі цэнамі, пра што я казаў. Другі чыньнік — вельмі істотна скараціўся імпарт. Наступнае — умацаваньне расейскага рубля да даляра, што дало цэнавы скачок у Расеі, а таксама абясцэньваньне беларускага рубля да расейскага, што павялічыла даходы ад беларускага экспарту ў Расеі. Таксама трэба ўлічыць нізкія цэны на газ для Беларусі. Такая дынаміка расейскага рубля выканала ролю пэўнага якара і дала магчымасьць рэалізаваць стымуляцыйную манэтарную палітыку.
Тым ня менш, калі браць не каляндарны год, а тэрмін ад пачатку санкцыяў, з другога кварталу 2021 году беларуская эканоміка страціла каля 7 працэнтаў ВУП. Так што можна канстатаваць, што падзеньне гэтае беспрэцэдэнтнае за апошнія 20 гадоў, але сапраўды, сытуацыя не настолькі кепская, як магла быць і як гэта чакалася вясной.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці захаваюць уладу Лукашэнка і Пуцін: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2023 год— Які б вы далі прагноз курсу беларускага рубля? Цікава, што большасьць апытаных Свабодай экспэртаў лічыць, што ў канцы 2023 году даляр у Беларусі будзе каштаваць 2,7–3,0 рублі — вялікай дэвальвацыі экспэрты не прадказваюць.
— Галоўным чыньнікам таго, што ў 2022 годзе не адбылося істотнай дэвальвацыі беларускага рубля, стала ягоная прывязка да расейскага рубля. І гэта адбывалася на фоне таго, што Беларусь у замежным гандлі ўсё больш залежыць ад Расеі. А расейскі рубель узмацняўся ў мінулым годзе найперш з прычыны кардынальнага зьмяншэньня імпарту.
Што гэта азначае для гэтага году? Па-першае, існуе вельмі вялікая імавернасьць зьмены дынамікі курсу расейскага рубля, мы гэта ўжо назіраем апошнія тыдні. Па-другое, унутраныя чыньнікі. Калі ўлады будуць напампоўваць эканоміку грашыма дзеля стымуляваньня ўнутранага попыту, то гэта адаб’ецца на цэнах.
Тое, што інфляцыя ў Беларусі зьнізілася ў другой палове 2022 году, стала вынікам ня толькі дырэктыўнага цэнарэгуляваньня, але і зьніжэньня попыту з прычыны падзеньня даходаў. Калі ж попыт пачнуць напампоўваць, то трэнд можа зьмяніцца, інфляцыя павялічыцца. А гэта, натуральна, адаб’ецца на курсе рубля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка заявіў, што ўрад плянуе інфляцыю ў 2023-м на ўзроўні 6%