У чацьвер, пасьля трэцяга дня галасаваньняў, кангрэсмэны зноў не змаглі абраць сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. Вядучаму кандыдату ў сьпікеры ад Рэспубліканскай партыі Кэвіну Макарці не хапіла 18 галасоў для абраньня на гэтую пасаду.
Упершыню за больш чым сто пяцьдзясят гадоў партыя, якая перамагла на выбарах, ня можа правесьці свайго прадстаўніка на пасаду сьпікера нават пасьля адзінаццаці раўндаў галасаваньня. Прычына — апазыцыя Кевіну Макарці 20 кангрэсмэнаў-рэспубліканцаў, якія патрабуюць ад яго ў абмен на свае галасы розных саступак: спрашчэньня працэдуры выбраньня і зьняцьця сьпікера, прызначэньня чальцоў іх групы ў ключавыя камітэты, галасаваньняў за зьніжэньне дзяржаўных выдаткаў. Макарці часткова пагадзіўся на такія крокі, але меншасьць не саступае.
Ён апынуўся ў поўнай залежнасьці ад дваццаткі рэспубліканцаў, бо дэмакраты, якія будуць у меншасьці ў Кангрэсе новага скліканьня, аднадушна прагаласавалі за свайго кандыдата — дэмакрата Хакіма Джэфрыса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэнсі Пэлосі пакідае пасаду лідэркі дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў ЗШАЯк будуць далей разьвівацца падзеі, не бярэцца прадказаць ніхто. Наступны раўнд галасаваньняў будзе ў пятніцу апоўдні. Макарці і яго прыхільнікі працягваюць кансультацыі з апанэнтамі, якія настойваюць на сваіх патрабаваньнях. Між тым, паводле прэсы, жарсьці ў памяшканьнях Кангрэсу разгараюцца. Заканадаўцы нярэдка павышаюць голас адзін на аднаго. Праз адсутнасьць сьпікера Кангрэс ня можа пачаць працу. Чальцы Палаты прадстаўнікоў афіцыйна не прынялі прысягу. Многія зь іх публічна скардзяцца на безадказнасьць калегаў, якія стварылі на Капітоліі беспрэцэдэнтную сытуацыю.
Вядомыя рэспубліканцы, у тым ліку былы прэзыдэнт Дональд Трамп, занепакоеныя тым, што гэтая сытуацыя можа нанесьці сур’ёзную палітычную шкоду Рэспубліканскай партыі, прадэманстраваўшы яе няздольнасьць кіраваць. «Не ператварайце наш вялікі трыюмф у гіганцкую зьневажальную паразу», — зьвярнуўся да дваццаткі кангрэсмэнаў Трамп. Найбуйнейшай за 60 гадоў небясьпекай для партыі назваў сытуацыю былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Ньют Гінгрыч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША Байдэн урачыста падпісаў закон аб прызнаньні аднаполых шлюбаў