Агулам летась дылеры Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі прадалі 17 234 аўтамабілі, у тым ліку 14 843 легкавыя, паведамілі ў арганізацыі. Такім чынам, па выніках году продажы аўтамабіляў скараціліся ў 2,7 раза, бо ў 2021-м у Беларусі прадалі 46 837 новых аўтамабіляў.
У БАА адзначылі, што збыт легкавых аўтамабіляў у сьнежні вырас на 82% у параўнаньні зь лістападам, да 1683 машын. Пры гэтым аб’ём продажаў усё роўна быў на 62% ніжэйшы за леташні паказчык.
Па выніках 2022 году Geely стала лідэрам рынку з 4355 прададзенымі машынамі. На другім месцы Lada — 3782 аўтамабілі, KІА — 1462 аўтамабілі.
«У 2022 годзе, улічваючы сыход вядучых сусьветных брэндаў з расейскага рынку і замарозку вытворчасьці папулярных мадэляў, якія зьбіраюцца ў Расеі, беларускія дылеры вырашалі пытаньне з фармаваньнем новай мадэльнай лінейкі і перанакіраваньнем паставак. Гэты працэс будзе працягвацца і ў 2023 годзе, і вынікі кожнай з марак, прадстаўленых у Беларусі, будуць шмат у чым залежаць ад таго, як хутка і бязбольна змогуць прадстаўнікі беларускага аўтабізнэсу арганізаваць пастаўку такіх мадэляў», — патлумачыў вынікі году кіраўнік ТАА «Аўтапрамсэрвіс» Андрэй Ткачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На польскай мяжы затрымалі дзьве машыны беларусаў, падазраюць, што яны былі скрадзеныя