Беларускі батальён «Волат» палку імя Кастуся Каліноўскага цяпер на перадавой. Хлопцы не называюць кірунак (гэтыя дэталі раскрываць забаронена. — РС), але кажуць, што там адбываюцца важныя баі.
«Волат» быў на перадавой і падчас сьвяткаваньня Новага году. Паводле інфармацыі, якая прайшла ў СМІ, 31 сьнежня адразу двое «каліноўцаў» атрымалі раненьні. Свабода пагаварыла з адным зь іх — 25-гадовым пінчуком Кірылам «Торам» Івановым.
«Проста за маёй сьпінай падчас выкананьня баявой задачы выбухнула граната „ВОГ-17“. Па форме гэтая граната нагадвае ці вялікую кулю, ці малы снарад. Як правіла, яны накіраваныя не на тое, каб забіць праціўніка, а каб пакалечыць», — расказвае «Тор».
Адзін з аскепкаў прыляцеў Кірылу ў шалом, там і застаўся. «Наўрад ці б мяне забіла, аскепак бы не прабіў чэрап, але было б вельмі непрыемна», — усьміхаецца «Тор».
Некалькі аскепкаў прыляцелі ў бронекамізэльку беларуса. Самае значнае раненьне — аскепак трапіў у сьцягно.
«Увогуле невялічкіх аскепкаў па целе я знайшоў мінімум 5–6, пакідалі за сабой драпіны і крывавыя плямкі. Аскепак у сьцягно зайшоў на глыбіню паловы пальца, я працягваў выконваць баявую задачу, не прасіў эвакуацыі. Спачатку нават думаў, што гэта проста драпіна, але ўжо потым у „распалазе“ выявілася, што больш сур’ёзна. Крыві на тэрмабялізьне і штанах было прыкладна з далонь (памер плямы. — РС), гэта ня так шмат», — расказвае ваяр.
Цяпер Кірыл на лячэньні. Кажа, што не адчувае вялікай патрэбы ў шпіталізацыі, але рану трэба трымаць у чысьціні, каб не пайшло заражэньне.
Пра адзначэньне Новага году на фронце «Тор» расказвае так:
«Сабраліся разам. Наколькі гэта было магчыма на „перадку“, зрабілі сьвяточны стол. Паразмаўлялі трошку, паелі такой ежы, якой на перадавой не пабачыш — зрабілі салаты (аліўе і з крабавымі палачкамі), была курыца. Усе байцы былі пасьля выкананай задачы, таму імкнуліся хутчэй пайсьці адпачываць, не было нейкай вялікай праграмы».
«Тор» кажа, што захоўвае добры настрой. Гэта ягонае першае раненьне. З пазытыўных момантаў ён адзначае, што цяпер пераканаўся, што аскепкавыя раненьні — «гэта ня страшна, можна перажыць».
«Я рады, што шанцавала і працягвае шанцаваць. Колькі будзе патрэбна, столькі і буду ваяваць. Я лічу, што выконваю свой доўг. Я прыехаў не на атракцыёны, а каб дапамагчы Ўкраіне. Пакуль гэтая задача ня будзе выкананая, то я ня маю права здавацца і спыняцца».
Тым ня менш Кірыл прызнаецца, што ваяваць зімой больш складана. Гэта значны фактар для байцоў.
«Людзі — гэта не машыны, яны схільныя да хваробаў, калі знаходзяцца ў холадзе, вільгаці, пад сьнегам. Ніхто ж не адмяняе, што табе трэба капаць акопы, спаць на зямлі, спаць у бліндажы. Калі летам можна знаходзіцца на пазыцыі хоць тыдзень, то зімой нават суткі ці двое — гэта ўжо праблема», — прызнаецца Кірыл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Брэст“ ніколі нікога ня кідаў, а палонныя „Тромблі“ і „Клешч“ — сапраўдныя героі». Беларус «Тор» пра службу ў войску і сьмерць пабрацімаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.