Новая хакерская суполка «Аб’яднаны штаб супраціву» заяўляе, што яны змаглі ўзламаць сайт Рэспубліканскага клінічнага мэдыцынскага цэнтру, больш вядомага як «Лечкамісія». Хакеры сьцярджаюць, што атрымалі вялікі масіў інфармацыі. Як доказ дэманструюць старонку сайту РКМЦ, дзе была зьмешчаная іх заява.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеры выклалі ў інтэрнэт вынікі ПЦР-тэстаў Лукашэнкі і яго сына. Іх рабілі перад візытамі да ПуцінаШто такое «Лечкамісія» і «Аб’яднаны штаб супраціву»?
«Лечкамісія» спэцыялізуецца на мэдыцынскім назіраньні высокіх чыноўнікаў. Узначальвае ўстанову Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі. Афіцыйная назва — Рэспубліканскі клінічны мэдыцынскі цэнтар, установа падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Разьмешчаны цэнтар у мястэчку Ждановічы пад Менскам.
«Аб’яднаны штаб супраціву» выклаў дакументы з вынікамі PCR-тэстаў, якія Аляксандар Лукашэнка і ягоны сын Мікалай нібыта здавалі на працягу 2021 і 2022 гадоў. Хакеры зьвяртаюць увагу, што тэсты на каранавірус Лукашэнка з сынам здавалі напярэдадні візытаў у Расею.
Даведкі на імя Лукашэнкі, апублікаваныя хакерамі, выпісаныя адразу на два розныя нумары пашпарта: MP 0000001 и MP 1000000. У некаторых дакумэнтах дата выдачы вынікаў апярэджвае дату здачы. Хакеры выказваюць думку, што Лукашэнка ўвогуле мог не здаваць гэтых тэстаў, а яму выпісвалі «ліпавыя» дакумэнты.
«Мы ня ведаем гэтай групы, яны з намі ня зьвязваліся. Аднак можам сказаць, што ў зьлітай інфармацыі мы ня бачылі дадзеных з унутранай сеткі шпіталя. Ёсьць толькі дадзеныя, даступныя на самім сайце. Вынікі праверак ковіду даступныя карыстальнікам сайту. Таму, калі нешта ўзламалі, то толькі сайт», — пракамэнтавала Свабодзе ўдзельніца ініцыятывы «Кібэрпартызаны» Юльляна Шаметавец.
Раней групоўка АШБ ужо заяўляла пра ўзлом сайтаў беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў — БелАЗу і «Беларуськалію». А таксама расейскай шавіністычнай арганізацыі НОД. У інтэрвію «Белсату» прадстаўнікі АШБ казалі, што не супрацоўнічаюць ні з «Кібэрпартызанамі», ні з апазыцыяй, а дзейнічаюць самастойна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі новы выбух захворваньня на каранавірус. ЗША патрабуюць тэстаў у аэрапортахХто робіць Лукашэнку PCR-тэсты
Амаль на ўсіх апублікаваных АШБ даведках аб PCR-тэстах за 2021 год і абсалютна ва ўсіх даведках за 2022-і стаіць прозьвішча доктаркі Алены Качанкі. Такая лекарка сапраўды працуе ў Рэспубліканскім клінічным мэдыцынскім цэнтры. Расказваем, што пра яе вядома.
Алене Качанцы 51 год. Яна доктар-інфэкцыяніст, загадчыца інфэкцыйна-эпідэміялягічнага аддзелу РКМЦ. Мае больш за 28 гадоў стажу. Вучылася ў Менскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсітэце. Працавала ў менскай паліклініцы № 3, а таксама ў прыватным мэдцэнтры «Біямэдыка».
Калі паглядзець па водгуках на розных мэдычных сайтах, то пра дзейнасьць Качанкі пішуць цалкам процілеглыя рэчы.
- «Ад наведваньня засталіся самыя нэгатыўныя ўражаньні. Прыём заняў пяць хвілін, як у дзяржаўнай клініцы пабывала, толькі яшчэ выпісала значную суму. Лекарцы трэба зьняць карону і паважліва ставіцца да пацыентаў»,
- «Удзячная Качанцы А.Ф. за кампэтэнтнасьць, прыяжджаю да яе зь Берасьця»,
- «Занадта высакамернай здаецца, а людзі ж да яе прыходзяць з рэальнымі праблемамі».
Гэта частка водгукаў на працу лекаркі.
У 2018 годзе Алена Качанка стала кандыдатам мэдыцынскіх навук. Тэма яе дысэртацыі — «Сучасныя падыходы да этыятропнай тэрапіі пазабальнічных інфэкцый дыхальных шляхоў, выкліканых S. pneumoniae и H. influenzae». Удзельнічала ў двух эўрапейскіх кангрэсах мікрабіёлягаў і інфэкцыяністаў у Капэнгагене (2015) і Амстэрдаме (2017).
У 2019 годзе Алена Качанка вяла відэаблог у «Советской Белоруссии», дзе расказвала пра кішэчныя інфэкцыі, прастуду, грып. У лютым 2020 году запісала выпуск пра каранавірус. Доктарка дастаткова падрабязна расказала пра хваробу, але не давала парадаў аб самаізаляцыі і не казала, наколькі гэта сур’ёзнае захворваньне. Сярод іншага, яна прагназавала, што цягам году каранавірусу больш ня будзе.
30 сьнежня 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб выдзяленьні дзяржаўных грантаў на 2023 год. Сярод адзначаных была і Алена Качанка. Адметна, што яна ішла не ў сьпісе навуковых ці мэдычных работнікаў, а як прадстаўніца сфэры адукацыі.
Лукашэнка адзначаў распрацоўку і ўкараненьне ў адукацыйны працэс вучэбна-мэтадычнага комплексу «Сыстэма інфэкцыйнага кантролю ў аддзяленьнях шматпрофільнага стацыянару».
Алена Качанка замужам, мае дваіх дзяцей. Ейнаму мужу Сяргею 54 гады. Ён скончыў аўтатрактарны факультэт БНТУ ў 1992 годзе. У сына Мацьвея на старонцы «ЎКантакце» месцам працы пазначаны EPAM Belarus. Малодшая дачка яшчэ школьніца. У сямейнікаў Качанкі на старонцы няма ніякай палітычнай актыўнасьці.
Як мяркуецца, асабістым лекарам Аляксандра Лукашэнкі ўжо шмат гадоў зьяўляецца Сьвятлана Канашэнка. Яны неаднаразова зьяўлялася ў адной кампаніі і ўнутры Беларусі, і за яе межамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар аховы здароўя Піневіч: у 2023-м у Беларусі зьявіцца свая вакцына ад каранавірусу, але ў ёй ужо будзе мала патрэбы