Паліцыя Палтаўскай вобласьці расьсьледуе справу ў дачыненьні да службовых асобаў беларускага дзяржаўнага прадпрыемства «Белінтэртранс» (БТЛЦ), а таксама шэрагу расейскіх лягістычных кампаній, якія займаліся грузавымі перавозкамі па чыгунцы.
Гэта стала вядома з апублікаванага судовага рашэньня, згодна зь якім арыштавалі 32 чыгуначныя вагоны, 11 зь якіх былі зарэгістраваныя на юрыдычных асобаў Беларусі, іншыя належалі расейскім кампаніям.
Тры арыштаваныя вагоны былі загружаныя кварцавым пяском для Менскага трактарнага заводу, сем — мусілі везьці кармы для беларускага ААТ «Смалявічы Бройлер», яшчэ адзін перавозіў харчовую соль для менскага прадпрыемства «Аршсоль».
Украінскія сьледчыя расьсьледуюць гэтую справу паводле ч. 4 артыкула 191 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — прысабечваньне або растрата чужой маёмасьці, зьдзейсьненыя ў вялікіх памерах падчас ваеннага або надзвычайнага становішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве расказалі пра даход Украіны ад выкарыстаньня сканфіскаваных беларускіх і расейскіх вагонаўБеларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэртранс» (БТЛЦ) са студзеня 2020 году мела сваю дачку ва Ўкраіне. Кампанія называлася «БТЛЦ-Україна», а яе заснавальнікам выступіла нямецкая дачка «БТЛЦ-Нямеччына». У траўні 2022 году праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі маёмасьць «БТЛЦ-Україна». У лістападзе яе дырэктар Раман Мельнічук спрабаваў абскардзіць гэтае рашэньне, але суд адмовіўся скасаваць арышт.
Беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэртранс» (БТЛЦ) у 2009 годзе стварылі два прадпрыемствы Беларускай чыгункі — Белінтэртранс і Менскчыгункатранс. Цяпер гэта найбольшы ў Беларусі транспартна-лягістычны цэнтар, які аказвае экспэдытарскія паслугі, а таксама прапануе свае тэрміналы і склады пад захоўваньне грузаў.
Прадпрыемства БТЛЦ мае рэгіянальныя аддзяленьні ў Беларусі, а таксама шэраг прадстаўніцтваў у замежжы — у Літве, Латвіі, Польшчы, Нямеччыне, Турэччыне, Расеі і Кітаі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра арышт ва Ўкраіне кампаніі, заснаванай Кіраўніцтвам спраў ЛукашэнкіРаней, пасьля таго як Беларусь падтрымала агрэсію Расеі, ва Ўкраіне арыштавалі маёмасьць і актывы даччыных кампаній буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў — Белаўтадар, БНК, «Белазамежгандаль», МАЗ і іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ да вайны вывелі актывы і прадалі тэхніку. Падрабязнасьці крымінальных спраў супраць беларускіх прадпрыемстваў ва Ўкраіне