Гэта савецкая традыцыя — даваць назву гадам. «Вырашальны год пяцігодкі», «Завяршальны год пяцігодкі» — такія плякаты віселі на вытворчых аб’ектах, у клюбах, «ленінскіх пакоях» інтэрнатаў у часы СССР.
Лукашэнка сваім сьветапоглядам застаўся савецкім чалавекам. Ён так і ня здолеў выйсьці за межы мінулага жыцьцёвага досьведу: неаднаразова падкрэсьліваў, што для яго ўзорам дзяржаўнага ладу зьяўляецца Савецкі Саюз, і працягваў выказваць шкадаваньне аб ягоным краху. Не выпадкова беларускі палітычны рэжым — самы прасавецкі на прасторы былога СССР. У Беларусі практычна ў першародным выглядзе ўзноўлена савецкая прапагандысцкая машына — ад аналягу камсамолу (БРСМ) да дошак гонару перадавікоў працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці захаваюць уладу Лукашэнка і Пуцін: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2023 годАдтуль, з тых часоў засталося ўяўленьне, што нельга пакідаць народ бязь лёзунгаў і заклікаў з боку ўлады, якія павінны мабілізаваць грамадзтва. Падданыя павінны ведаць, да чаго імкнуцца. Вось не абвесьціш, што сёлета народ павінен прыкладаць намаганьні дзеля міру і стварэньня, то беларусы возьмуць ды пойдуць у процілеглы бок — да вайны і разбурэньня.
Практычнай карысьці ад гэтага ніякай, аднак, як і ў часы позьняга СССР, прапагандысцкая машына працуе на самаабслугоўваньне. Прымаюцца адпаведныя ўказы кшталту таго, што падпісаны Лукашэнкам 1 студзеня, распрацоўваюцца пляны, будуць праведзеныя палітінфармацыі і інш. Праца кіпіць. Гэту б энэргію ды ў мірных мэтах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра кнігу Орўэла «1984», якая нарабіла шуму ў Беларусі ў 2022-мШто тычыцца зьместу ўказу, то беларусы паступова прызвычайваюцца, што словы і паняцьці, якія яны чуюць з афіцыёзу, маюць супрацьлеглы сэнс. Брытанскі пісьменьнік Дорж Оруэл даў клясычны ўзор мовы таталітарнага грамадзтва («вайна — гэта мір», «свабода — гэта рабства» і інш.). Па меры трансфармацыі лукашэнкаўскага рэжыму ў таталітарны працэс пераходу на мову Оруэла набывае паскарэньне. Так, 2021 год, які быў абвешчаны «Годам народнага адзінства», у рэальнасьці стаў годам найбольш глыбокага грамадзкага расколу ў гісторыі незалежнай Беларусі.
Вось і 2023 год аб’явілі «Годам міру» ў той самы момант, калі Беларусь усяляк падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны. Ды і ўнутраны канфлікт набывае формы халоднай грамадзянскай вайны, хоць ва ўказе згадваецца пра «згоду ў беларускім грамадзтве». І пра стварэньне неяк цяжка гаварыць ва ўмовах сучаснай Беларусі.
Абываталю, каб выжыць у сучаснай Беларусі, варта засвойваць падвойнае мысьленьне, уменьне хаваць свае сапраўдныя думкі, гаварыць адно, а думаць другое. Успамінаецца анэкдот савецкіх часоў. Прыходзіць чалавек да доктара і скардзіцца: «У мяне праблема. Што чую, таго ня бачу, а што бачу, таго ня чую». На што доктар адказвае: «Гэтая хвароба невылечная, яна сацыялізмам называецца». Як жа назваць цяперашнюю беларускую хваробу?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які першы ў новым годзе ўказ падпісаў Лукашэнка і якімі распараджэньнямі ён пачынаў ранейшыя гады