На пінскую грамадзкую актывістку склалі пратакол за фота ў Instagram
Згодна з пратаколам, 6 лістапада 2022 году Вераніка Іванова «выклала фатаздымак, на якім паказаны рыштунак вайскоўца з вадзяным знакам у ніжнім левым кутку, назвай тэлеграм-каналу @belwarriors (Полк Каліноўскага), які рашэньнем МУС Беларусі ад 23.09.2022 прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем, такім чынам распаўсюдзіла інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасьць».
Суд за гэтую інстаграм-выяву пройдзе 10 студзеня, напісала Іванова.
Вераніку Іванову пасьля выбараў 2020 году неаднаразова затрымлівалі ды судзілі ў адміністрацыйных справах, зьвязаных з палітыкай і пратэстамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 сьнежня: былога сілавіка асудзілі на 2,5 года калёніі за перасылку пэрсанальных зьвестак у TelegramСтудэнту са Жлобіна прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах
У судзе Жлобінскага раёну 13 сьнежня асудзілі Мікіту Богуша паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Судзьдзя Яўген Ерафееў прызначыў Мікіту 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Мікіта — студэнт першага курсу аднаго з Гомельскіх ВНУ. Яго затрымалі летась 23 жніўня. Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле 9 жніўня 2020 году ў акцыі пратэсту ў цэнтры Жлобіна супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Таксама Мікіту паставілі ў віну «наўмысную перашкоду руху грамадзкага транспарту».
На працэсе апыталі сьведак, сярод якіх была Мікітава маці. Падчас сьледзтва ёй паказалі відэазапіс з пратэстаў, на якім яна пазнала свайго сына.
Мікіта цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зьдзейсьненым.
Як паведамляюць праваабаронцы, мабільны апэратар «А1» прадаставіў сілавікам CD-дыск з дэталізацыяй размоваў Мікіты. З дапамогай гэтай інфармацыі стала магчыма высьветліць месцазнаходжаньне хлопца падчас пратэстаў 9 жніўня 2020 году.
Пасьля вяртаньня з-за мяжы ГУБАЗіК затрымаў менчука — яго вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах на падставе фота ў Shutterstock
«Вясна» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляе пра затрыманьне менчука Андрэя. Сілавікі адзначаюць, што мужчына ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту — у якасьці доказаў апублікавалі фатаздымак з Shutterstock.
Таксама сілавікі паведамляюць, што 24 сьнежня Андрэй вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі арт-мэнэджар і музыка Ўладзімер Булаўскі ня выйшаў на волю пасьля «сутак»