«Я заўсёды ставіўся да крамы як не да камэрцыйнага праекту, а як да грамадзка-палітычнага. Інакш бы ня змог выцягваць яе столькі часу. Высьветлілася, што і органы да яе ставіліся такім жа чынам. На працягу апошніх двух гадоў мяне перасьледавалі ня толькі таму, што я пратэставаў. Было стабільнае адчуваньне, што ціск зьвязаны менавіта з работай крамы», — адзначыў Казакевіч.
Паводле яго словаў, пачаліся праверкі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, аддзелу апэратыўна-вышуковай работы падатковай інспэкцыі, пагрозы завядзеньня крымінальных спраў.
«Калі я выйшаў пасьля чарговага затрыманьня за распаўсюд „экстрэмісцкіх матэрыялаў“, крама была ўжо зачынена. Мне далі дзесяць дзён на вываз тавару. Паралельна міліцыянты прымушалі выдаліць усе фота- і відэаматэрыялы пра краму з інтэрнэту, старонкі ў сацсетках. Хацелі, каб сам факт існаваньня крамы не захаваўся», — расказаў гаспадар «Росквіту».
Пасьля гэтага яго запрасілі ў падатковую інспэкцыю, дзе завялі справу за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Адной з падставаў стала тое, што «Росквіт» працягваў працаваць тыя некалькі дзён, пакуль гаспадар знаходзіўся за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальнік крамы беларускай сымболікі ў Баранавічах: «Людзі баяцца купіць белую сукенку з чырвонай вышыўкай»«Па гэтым артыкуле дастаткова сур’ёзнае пакараньне. Яны мне наўпрост казалі пра замову. Таму было зразумела, што гэтым ня скончыцца, калі справа трапіць у эканамічны суд. Я зразумеў, што чакаць яго ня варта — тады б я ня змог зьехаць, карыстацца банкаўскімі карткамі, мабільнай сувязьзю, правамі кіроўцы. Прыняў рашэньне пра тэрміновую эвакуацыю», — сказаў Казакевіч.
«Ёсьць людзі, якіх выціснуць цяжка і прасьцей пасадзіць, а ёсьць тыя, каго наадварот. Падобна, што я з апошніх, — адзначыў суразмоўца. — Стала зразумела, што ў хуткім часе я апынуся ці за мяжой, ці за кратамі. Я ніколі не хацеў зьяжджаць, нават ня маю візы, але быў вымушаны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да ўладальніка крамы з нацыянальнай сымболікай у Баранавічах прыйшла праверка ДФРУвосень дома і ў краме Казакевіча адбыліся ператрусы. Першапачаткова паведамлялася, што заведзена крымінальная справа, але пасьля стала вядома пра адміністрацыйную.
- 28 лістапада суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну (Брэсцкая вобласьць) прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт сайта і старонкі «Росквіту» ў «Інстаграме» (490 падпісчыкаў).
- Улады пад рознымі падставамі зачыняюць крамы па продажы нацыянальнай (не дзяржаўнай) сымболікі. З 15 лістапада 2021 года ў няволі заснавальнік крамы Symbal. by Павел Белавус. Абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве», «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня», «удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».