Аб гэтым Раман Галоўчанка заявіў у навагоднім «Галоўным эфіры» на дзяржаўнай тэлевізіі.
«Вядома, ад новага году папрасіў перш за ўсё стабільнасьці, каб у нас былі зразумелыя ўмовы, у якіх працаваць», — сказаў ён.
Прэм’ер-міністар лічыць, што мінулы год у краіне пражылі «эфэктыўна, удала».
«Напэўна, для гледачоў інфляцыя не такая цікавая, як цэны. Гэта крыху розныя катэгорыі. Эканамісты апэруюць паняцьцем інфляцыі, там гэта макраэканамічны паказчык, на яго многія фактары ўплываюць. Ён ня тоесны цэнам, якія мы бачым у краме. Калі гаварыць пра цэны, то ў нас быў летась усплёск, ня толькі ў нас, усюды. Мы шмат разоў пра гэта казалі, але ж нашых людзей цікавіць ня тое, што там за мяжой адбываецца. А ў суседняй краме. Вядома, гэта была праблема, гэта і цяпер праблема, проста ўжо крыху менш вострая».
Па словах Рамана Галоўчанкі, па выніках 2022 году інфляцыю «ўдалося ўзяць пад кантроль». У верасьні яна разагналася да 18%, але затым рост праз розныя рашэньні запаволіўся. Па выніках году яна, хутчэй за ўсё, складзе 12-13 %.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордная інфляцыя, паўтары тысячы палітвязьняў. Як прайшоў 2022 год — у адным календарыПрэм’ер папярэдзіў, што ў 2023 годзе рост цэнаў працягнецца.
«Задача сур’ёзная — 6%. Гэта ня проста мэта, гэта задача, таму ўсё на гэта накіравана. У любым выпадку рост цэнаў нейкі будзе. Гэта непазьбежнасьць — цэны растуць усюды. Дарэчы, яны растуць і тады, калі растуць заработныя платы. Яны непарыўна зьвязаныя. Самае галоўнае, каб рост быў умераным і заработная плата не адставала», — дадаў Галоўчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі трэці месяц падаюць цэны. Разьбіраемся, чаму так і ці гэта шкоднаЁн паабяцаў, што за наступны год заробак у бюджэтнай сфэры вырасьце прыкладна на 200 рублёў.
«Усе нашыя пляны на год вядомыя, яны замацаваныя. Нам трэба забясьпечыць прыстойны рост. Ключавое пытаньне — інвэстыцыі, нам трэба звыш 20% укласьці ў эканоміку краіны. Гэта ўсё павінна даць штуршок, у тым ліку стварэньню новых працоўных месцаў, асабліва ў рэгіёнах. Памятайце знакамітае нашае „Адзін раён — адзін праект“, якое якраз зараз стартуе.
Калі мы скончылі 2022 год зь сярэдняй заработнай платай па бюджэтнай сфэры ў 1250 рублёў, то плянка, якую мы павінны ўзяць у бягучым годзе, — гэта 1454 рублі. Усё для гэтага сплянавана, за заробкі турбавацца сапраўды ня варта. У цэлым эканоміка краіны захавае сацыяльную накіраванасьць. Пры ўсіх умовах беларусы могуць быць спакойныя, рэсурсаў дастаткова для таго, каб выканаць усе сацыяльныя абавязаньні і ня толькі іх».
Беларусь знаходзіцца пад міжнароднымі эканамічнымі санкцыямі, якія ўвялі супраць яе ЗША, Эўразьвяз, Канада, Новая Зэляндыя, Вялікая Брытанія і іншыя. За 2022 год Беларусь пакінуў шэраг замежных кампаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка трэці год абяцае беларускія парты ў Расеі. Паглядзелі, што зь імі адбываецца насамрэчСанкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.